2011-10-02 10:18:58

Арцыбіскуп Філоні: евангелізацыя спрыяе пераўзыходу гарызантальнага вымярэння ў адносінах


RealAudioMP3 Месяц кастрычнік, які толькі што пачаўся, акрамя таго, што прысвечаны ружанцовай малітве, прысвечаны таксама місіянерскай дзейнасці. З гэтай нагоды “L’Osservatore Romano” змяшчае на сваіх старонках інтэрв’ю з арцыбіскупам Фернардо Філоні, які з 10 мая 2011 г. з’яўляецца старшынёй Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Іерарх адзначае, што місіянерская дзейнасць з’яўляецца пакліканнем, у першую чаргу, кожнага ахрышчанага чалавека, а ўжо затым святароў і біскупаў. “Для хрысціяніна абвяшчаць Евангелле азначае адказваць на волю Хрыста. Евангелізаваць у наш час, азначае служыць усяму Касцёлу, але таксама кожнаму асобнаму чалавеку, бо праз яе мы дапамагаем пераўзыйсці толькі гарызантальнае вымярэнне у нашых міжчалавечых адносінах”, - сказаў арцыбіскуп Філоні.

Іерарх падкрэсліў, што евангелізацыя заўсёды спрыяе развіццю народаў. “Ёсць адна перспектыва, якая не можа быць недаацэнена: Евангелле нясе і стварае салідарнасць. Таму праводзіць добрую евангелізацыю – гэта наша першаснае заданне. Мы заклікаем спрыяць салідарнасці з тымі, хто жыве на тэрыторыях місій дзелячы і разумеючы іх чалавечыя, сацыяльныя і матэрыяльныя патрэбы”, - адзначыў арцыбіскуп. Ён нагадаў аб тым, што евангелізацыя часта звязана з павышэннем узроўня адукацыі, медыцынскай і маральнай дапамогай, спрыяннем справядлівасці. “Баронячы евангельскія прынцыпы, мы вымушаны казаць аб справядлівасці, якой ў наш час патрабуюць многія народы”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Філоні, адзначыў, што сёння існуе патрэба ў тым, каб вернікі любілі і падтрымлівалі евангелізацыйную дзейнасць. “Мы хочам, каб шчырасць нашых хрысціян заўсёды ішла поруч з вялікай любоўю да місій, штодзённай малітвай ў інтэнцыі місіянераў і абвяшчэння Евангелля”, - сказаў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.