2011-09-29 14:19:07

Кардынал Бэртонэ: Ватыканскае радыё рыхтуе сэрцы да прыняцця Праўды


RealAudioMP3 29 верасня у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, каля гроту Маці Божай Лурдскай у Ватыканскіх садах, прайшла ўрачыстая св. Імша, якая стала кульмінацыйным момантам святкавання 80-годдзя Ватыканскага радыё. Менавіта святы арханёл Габрыэль з’яўляецца нябесным апякуном гэтага СМІ.

Сённяшнюю літургію ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар Тарцызіо Бэртонэ. У сваёй гаміліі ён заклікаў, скіраваць свае думкі да 12 лютага 1931 г., дня калі голас Пія ХІ першы раз прагучаў у эфіры Ватыканскай радыёстанцыі і такім чынам з’явілася магчымасць пачуць голас Папы ва ўсім свеце. “Біскуп Рыма, пастыр Паўсюднага Касцёла, звяртаючыся да народаў свету абвяшчаў ім Словы Езуса і запрашаў кожнага чалавека прыняць Слова Айца, які стаў чалавекам, для нашага збаўлення”, - адзначыў іерарх. Кардынал падкрэсліў, што Пій ХІ разумеючы патэнцыял радыё, вырашыў, што Апостальская Сталіца павінна мець сваю радыёстанцыю, дзякуючы якой голас Пантыфіка мог бы сягаць да канцоў зямлі. “Сёння, пасля 80-ці гадоў мы прызнаём дальнабачную мудрасць гэтага рашэння, якое адкрыла новыя шляхі для абвяшчэння Евангелля”,- сказаў кардынал Бэртонэ.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што радыё, як і іншыя сучасныя сродкі камунікацыі, перадаючы пасланне Касцёла, грае важную ролю ў падтрымцы яго місіі і можа падрыхтаваць сэрцы да прыняцця Праўды. “У гэтай місіі на радыё ўскладзена важнае заданне - несці сваім слухачам навучанне Рымскіх Пантыфікаў і Касцёла. Гэта значыць не толькі паведамляць аб дзейнасці Папы, але дакладна тлумачыць праўды, якім навучае Касцёл, асабліва ў пытаннях веры і маралі”, - сказаў кардынал Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.