2011-09-22 18:42:00

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі яўрэйскай супольнасці Берліна (поўны тэкст)


22 верасня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі яўрэйскай супольнасці Берліна. У сваёй кароткай прамове Пантыфік звярнуў увагу на значэнне якое мела яўрэйская супольнасць у аднаўленні пасляваеннай Германіі і на супрацоўніцтва якое вядзецца паміж яўрэямі і Каталіцкім Касцёлам у гэтай краіне. Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Святога Айца.

Шаноўнае спадарства!

Я вельмі рады гэтай сустрэчы з вамі тут у Берліне. Дзякую старшыні яўрэйскай супольнасці, д-ру Дэтэру Граўману за сардэчныя словы прывітання. Яны выразна паказалі мне, як павялічыўся давер паміж яўрэйскім народам і Каталіцкім Касцёлам, якіх злучае істотная частка іх асноўных традыцый. Адначасова для ўсіх нас стала зразумелым тое, што ўзаемнае разуменне і глыбокая павага паміж Ізраэлем і Касцёлам, павінна ўсё больш узрастаць і быць уключана ў абвяшчэнне веры.

Шэсць гадоў таму, падчас майго візіта ў сінагогу ў Кёльне, рабін Тэйтэльбаўм гаварыў аб памяці як аб адным са слупоў, неабходных у пабудовы мірнай будучыні. Сёння я знаходжуся ў цэнтральным месцы памяці, жахлівага ўспаміну: тут, у гэтым месцы планаваўся і арганізоўваўся Галакост, знішчэнне яўрэяў у Еўропе. Перад нацысцкім тэрорам ў Германіі жыло каля 500 тыс. яўрэяў, якія складалі інтэгральную частку нямецкага грамадства. Пасля ІІ Сусветнай вайны Германія была прызнавана “краінай Галакоста”, у якой немагчыма было жыць. Нават не было амаль ніякіх намаганняў для аднаўлення яўрэйскіх гмін, хоць з Усходу безупынна прыбывалі асобныя асобы і яўрэйскія сем’і. Многія з іх хацелі эміграваць і заснаваць новае жыццё, асабліва ў ЗША ці Ізраэлі.

Тут таксама трэба нагадаць аб пагроме 9-10 лістапада 1938 г. Толькі нешматлікія бачылі поўныя наступствы гэтага акту пагарды да чалавека, Адным з іх быў пробашч берлінскай катэдры Бернгарда Діхтэнберга, які з амбона катэдры св. Ядзвігі заклікаў вернікаў: “За межамі горада гарыць святыня, гэта таксама Божы дом”. Нацыянал-сацыялістычны рэжым тэрору быў пабудаваны на расісцкім міфе, якога мэтаю было адмаўленне ад Бога Абрагама, Ісаака і Якуба, Бога Езуса Хрыста і людзей, якія ў Яго верылі. “Усемагутны” Адольф Гітлер быў язычніцкім бажком, які хацеў быць намеснікам Бога, Стварыцеля і Айца ўсіх людзей. Пры адсутнасці павагі да адзінага Бога, таксама губляецца павага да годнасці чалавека. Да чаго здольны чалавек, які адкідае Бога і якое аблічча можа прымаць народ, які гаворыць такому Богу “не”, паказалі пад канец вайны страшныя сцэны з канцэнтрацыйных лагераў.

Перад абліччам тых успамінаў з удзячнасцю трэба сказаць, што на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў пачалося новае развіццё – мы можам гаварыць аб росквіце яўрэйскага жыцця ў Германіі. Трэба падкрэсліць, што ў гэты перыяд яўрэйская супольнасць была асабліва актыўнай ў інтэграцыі эмігрантаў з Усходняй Еўропы.

Я з задавальненнем хацеў бы звярнуць увагу на паглыблены дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і іўдаізмам. Касцёл адчувае вялікую блізкасць да яўрэйскага народу. Разам з дэкларацыяй “Nostra aetate” ІІ Ватыканскага Сабора пачаўся “незваротны шлях дыялога, братэрства і сяброўства”. Гэта тычыцца Каталіцкага Касцёла ў цэлым. Новым шляхам асабліва інтэнсіўна займаўся папа Ян Павел ІІ. Вядома гэта тычыцца таксама і Каталіцкага Касцёла ў Германіі, які цалкам усведамляў сваёй асаблівай адказнасці ў гэтай галіне. На грамадскім узроўні трэба адзначыць, перш за ўсё, “Тыдзень братэрства”, які арганізуецца кожны год у першым тыдні сакавіка мясцовымі асацыяцыямі хрысціянска-яўрэйскага супрацоўніцтва.

Каталіцкая грамадскаць арганізуе кожны год сустрэчы біскупаў і рабінаў, а таксама дыскусіі з Цэнтральнай яўрэйскай Радай. Ужо ў 1970-х г. Цэнтральны камітэт нямецкіх католікаў стварыў дыскусійную групу “Яўрэяі і хрысціяне”, якая на працягу многіх гадоў апублікавала шмат кампетэнтных дакументаў. Мы не павінны таксама забываць аб гістрычнай сустрэчы яўрэйска-хрысціянскага дыялогу, якая адбылася ў Германіі ў сакавіку 2006 г. з удзелам кардынала Вальтэра Каспэра. У апошні час яна прынесла шмат плёнаў.

Акрамя гэтых годных пахвалы канкрэтных ініцыятыў, мне здаецца, што мы хрысціяне павінны ўсё больш усведамляць нашы ўнутраныя адносіны з іўдаізмам. Для хрысціян не павінен існаваць перарыў у збаўчым здарэнні. Збаўленне бярэ пачатак ад яўрэяў. Калі канфлікт паміж Езусам і іўдаізмам часоў Хрыста будзем разумець павярхоўна, як адыход ад Старога Запавета, тады можна яго параўнаць з ідэяй вызвалення, якая прызнае Тору, як рабскае збераганне знешніх рытуалаў і абрадаў. На самой справе Нагорная пропаведзь не адмаўляе права Майсея, але раскрывае яго скрытыя магчымасці і новыя патрабаванні; скіроўвае нас да глыбокага фундамента чалавечага дзеяння, да сэрца, дзе чалавек выбірае паміж чыстым і нячыстым, дзе развіваецца вера, надзея і любоў.

Пасланне надзеі, якое перадаюць кнігі яўрэйскай Бібліі і Старога Запавету, было па-рознаму прынята і развіта хрысціянамі і яўрэямі. “Пасля стагоддзяў супрацьстаяння мы павінны спрыяць там, каб гэтыя два спосабы новага чытання Бібліі - хрысціянскі і яўрэйскі - пачалі весці з сабой дыялог, які дапамог бы правільна зразумець волю Бога і Яго Слова”. Гэты дыялог павінен усё больш ўмацаваць супольную надзею ў Бога ў грамадстве, у якім часта не прызнаюць Бога. Без гэтай надзеі грамадства губляе свой гуманізм.

У цэлым мы павінны казаць, што абмен думкамі паміж Каталіцкім Касцёлам і іўдаізмам у Германіі прынёс ужо шматабяцаючыя вынікі. Нарадзіліся трывалыя адносіны, якія і сталі магчымымі дзякуючы ўзаемнаму даверу. Яўрэі і хрысціяне усведамляюць супольную адказнасць за развіццё грамадства, якое заўсёды мае духоўнае вымярэнне. Трэба спадзявацца, што ўсе зацікаўленыя ў гэтым будуць надалей ісці гэтым шляхам. Няхай ў гэтым благаславіць нас Адзіны і Усемагутны, Ха Кадош Барух Гу.








All the contents on this site are copyrighted ©.