2011-09-22 12:55:57

Бэнэдыкт XVI прыбыў у Германію (поўны тэкст прывітальнай прамовы)


22 верасня пачаўся Апостальскі візіт Бэнэдыкта XVI у Германію. Каля 10.30 самалёт Пантыфіка прызямліўся ў міжнародным аэрапорце “Берлін-Тэгель”. Папу сустракалі Прэзідэнт Германіі Крысціян Вульф, канцлер Ангела Мэркель, каталіцкія іерархі: арцыбіскуп Берліна Райнэр Марыя Воэлькі, арцыбіскуп Фрайбурга Роберт Цоліч, біскуп Эрфурта Ванке, а таксама некалькі тысяч вернікаў. З нагоды візіта Святога Айца адбыўся артылерыскі салют.

Затым картэж Пантыфіка накіраваўся ў палац Бэлевю, помнік архітэктуры XVIII ст. у якім знаходзіцца афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ФРГ. Папа зрабіў запіс ў “Залатую кнігу” ганаровых гасцей, а затым у дворыку рэзідэнцыі адбылася ўрачыстая цэрымонія прывітання Пантыфіка. Падчас цэрымоніі Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамовай ,у якой выразіў сваю радасць быцця на радзіме, а таксама паразважаў аб адносінах паміж рэлігіяй і свабодай.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Бэнэдыкта XVI.

Спадар Прэзідэнт,
Шаноўнае спадарства,
Дарагія сябры,

Я вельмі рады цёпламу прыёму, з якім вы сустрэлі мяне тут ў палацы Бэлевю”. Я асабліва ўдзячны Прэзідэнту Крысціяну Вульфу за запрашэнне здзейсніць гэты афіцыйны візіт, які з’яўляецца маім трэцім падарожжам у якасці Папы ў Федэратыўную Рэспубліку Германію. Вялікі дзякуй за словы прывітання скіраваныя ў мой адрас. Дзякую прадстаўнікам Федэральнага ўрада, Бундэстага, Бундэсрата і горада Берліна за прысутнасць праз якую вы выказалі сваю павагу да Папы, Наступніка апостала Пятра. Дзякую за гасціннасць тром біскупам: арцыбіскупу Берліна Воэлькі, Эрфурцкаму біскупу Ванкэ і арцыбіскупу Фрыбурга Цолічу, а таксама ўсім тым, хто на грамадскім і касцёльным узроўнях працавалі над падрыхтоўкай майго падарожжа на радзіму, спрыяючы тым самым у яго поспеху.

Хоць гэты візіт з’яўляецца афіцыйным, г.зн., які ўмацоўвае добрыя адносіны паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германія і Апостальскай Сталіцай, ў першую чаргу я прыбыў сюды не для дасягнення пэўных палітычных ці эканамічных мэтаў, як робяць іншыя дзяржаўныя дзеячы, але каб сустрэць людзей і гаварыць пра Бога.

У адносінах да рэлігіі, мы бачым узрастаючую абыякавасць грамадства, якое ў прыняцці сваіх рашэнняў, бачыць пытанне праўды, як перашкоду і аддае перавагу ўтылітарыскім поглядам.

З іншага боку існуе патрэба надзейнага фундамента, для нашага супольнага жыцця, бо ў адваротным выпадку кожны з нас будзе жыць згодна з уласным індывідуалізмам. Рэлігія гэта адзін з фундаментаў, неабходны для таго, каб гэта суіснаванне было паспяховым. “Як рэлігія мае патрэбу ў свабодзе, так і свабода мае патрэбу ў рэлігіі”. Гэтыя словы, сказаныя вядомы біскупам і сацыяльным рэфарматар Вільгельмам фон Кэттэлерам, 200-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у гэтым годзе, працягваюць заставацца актуальнымі.

Свабода мае патрэбу ў натуральных адносінах з вышэйшай інстанцыяй. Той факт, што існуюць каштоўнасці, якімі нельга маніпуліраваць, з’яўляецца сапраўднай гарантыяй нашай свабоды. Той, хто ў сваім жыцці прытрымліваецца праўды і дабра, будзе згодны у тым, што свабода развіваецца толькі ў адказнасці перад абліччам большага дабра. Такое дабро існуе толькі для усіх разам; таму я павінен заўсёды памятаць аб маіх бліжніх. Жыць свабодна немагчыма без адносін.

У супольным жыцці людзей не можа быць свабоды без салідарнасці. Тое, што я раблю за кошт дабра іншага не з’яўляецца свабодай, але злачынным дзеяннем, якое шкодзіць і іншым і мне самому. Я магу па-сапраўднаму рэалізавацца як свабодная асоба толькі тады, калі аддаю мае сілы для дабра бліжніх. Гэта тычыцца не толькі прыватнай сферы, але і ўсяго грамадства. У адпаведнасці з прынцыпамі субсідыярнасці, грамадства павінна даць дастаткова прасторы для меншых структур і іх развіцця, і ў той самы час павінна быць падтрымкай, каб яны, пасля пэўнага часу змаглі дзейнічаць самастойна.

Тут, у палацы Бэлевю”, імя якога паходзіць ад цудоўнага віду на бераг ракі Шпрэя, і які знаходзіцца недалёка ад Калоны Перамогі, Бундэстага і Брандэбурскай брамы, мы знаходзімся ў самым цэнтры Берліна, сталіцы Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Палац, з яго бурным мінулым, з’яўляецца, як шматлікія іншыя будынкі Берліна, сведкам нямецкай гісторыі. Ясны позірк, нават на цёмныя старонкі мінулага, дазваляе навучыцца ад яе і атрымаць імпульс для будучыні. Федэратыўная Рэспубліка Германія стала такой, якой мы яе бачым сёння, праз сілу свабоды, што выразілася ў адказнасці перад Богам і аднаго чалавека перад другім. Краіна мае патрэбу ў дынаміцы, якая ахоплівае ўсе чалавечыя асяроддзі, для таго, каб працягваць развівацца ў сучасных умовах. Мае патрэбу ў свеце, якому патрэбна глыбокае культурнае абнаўленне і паўторнае адкрыццё фундаментальных каштоўнасцяў, на якіх будуецца лепшая будучыня (Энцыкліка “Caritas in veritate”).

Спадзяюся, што сустрэчы падчас розных этапаў майго падарожжа, тут у Берліне, Эрфурце, Эйшсфельдзе і Фрыбургу, могуць зрабіць малы ўклад у гэтую справу. Няхай ў гэтыя дні Бог спасылае сваё благаслаўленне на ўсіх нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.