2011-09-21 13:31:35

Кс. Ламбардзі: Апостальская Сталіца будзе паважаць рашэнне ААН па палестынскаму пытанню


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі адзначыў, што Святы Пасад будзе цалкам паважаць рашэнне ААН ў справе Палестынскай дзяржавы.

У размове з журналістамі, кс. Ламбардзі, падкрэсліў, што сваю пазіцыю ў справе незалежнасці Палестыны Апостальская Сталіца выказала яшчэ 3 чэрвеня 2011 г. падчас візіта Махмуда Абасса, главы Палестынскай аўтаноміі ў Ватыкан. У паведамленні, апублікаваным пасля сустрэчы палестынскага кіраўніка з Бэнэдыктам ХVI і кіраўнікамі Дзяржсакратарыята Апостальскай Сталіцы была падкрэслена патрэба ажыццяўлення “легітымных імкненняў палестынскага народа мець незалежную дзяржаву” . Адзначалася, што ізраэліцяне і палестынцы “павінны жыць у бяспецы і міры са сваімі суседзямі ў рамках межаў прызнаных на міжнародным узроўні”.

23 верасня кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Аббас выступіць на форуме ААН у Нью Ёрку, падчас якога будзе абмяркоўвацца пытанне аб прыняцці Палестыны у якасці паўнапраўнага члена гэтай арганізацыі.

У нядзелю 18 верасня таксама адбылася малітва хрысціян Палестыны ў інтэнцыі прызнання іх дзяржавы. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма на пенсіі арцыбіскуп Мішэль Саббах, заклікаў вернікаў да малітвы за поспех дыпламатычнай дзейнасці Махмуда Аббаса.

Рэлігійныя лідэры Іерусаліма, у тым ліку Патрыярхі трох хрысціянскіх канфесій, ў сваёй сумеснай заяве выказаліся за існаванне двух незалежных дзяржаў. Яны таксама заклікалі палестынцаў і ізраэліцян, каб тыя захоўвалі супакой падчас галасавання на сесіі ААН, якая пройдзе ў пятніцу 23 верасня.








All the contents on this site are copyrighted ©.