2011-09-20 13:42:54

Перу: кардынал нагадаў прэзідэнту аб абяцанні спрыяць абароне чалавечага жыцця


RealAudioMP3 “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на заклік старшыні Канферэнцыі Біскупаў Перу і арцыбіскупа Лімы, кардынала Луіса Кіпрыяні да прэзідэнта краіны Альянтэ Умалы. У сваім звароце іерарх нагадвае прэзідэнту, што той падчас сустрэч, перад ягоным абраннем на пост кіраўніка краіны, шмат разоў абяцаў, што будзе бараніць жыццё на кожным яго этапе. Арцыбіскуп Лімы нагадаў аб сустрэчы 21 сакавіка 2011 г., падчас якой прэзідэнт Умала сказаў, што “абарона жыцця, а таксама сям’і заснаванай на саюзе мужчыны і жанчыны, будзе займаць першае месца ў яго дзейнасці, як кіраўніка краіны”.

Іерарх адзначыў, што на Перу адбываецца знешні ціск, з мэтай легалізацыі абортаў, а таксама эўтаназіі, распаўсюджвання рознага роду ідэалогій і іншых фенаменаў, якія знішчаць асноўныя каштоўнасці сям’і і самаго грамадства. “Жыццё кожнага дзіцяці з моманту зачацця з’яўляецца святым і адначасова дарам, які трэба бараніць. Нельга здзяйсняць аборт толькі з прычыны нежаданай цяжарнасці”,- падкрэсліў кардынал.

Арцыбіскуп Лімы звярнуў увагу на неабходнасць развіцця ў краіне спецыяльнай сістэмы, якая б дазволіла гарантаваць будучыню нованароджаным, у выпадку калі маці яго пакідае, ці не можа выхоўваць. “Гэта былі б установы, у якіх дзеці мелі магчымасць атрымаць выхаванне і інтэгральна развівацца”,- сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Перу








All the contents on this site are copyrighted ©.