2011-09-20 10:42:54

"Homo caritatis". Нацыя ў навучанні Жака Марытэна


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёмства з кнігай Жака Марытэна “Чалавек і дзяржава”. У ёй выдатны хрысціянскі філосаф прадстаўляе сваё бачанне палітычнага грамадства, дзяржаўных інстытутаў, правоў чалавека, адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Філасофская думка Марытэна аказала вельмі вялікі ўплыў, на ўсё сучаснае Каталіцкае навучанне і сацыяльнае у тым ліку, таму я лічу варта пазнаёміцца з ёй бліжэй.

У мінулай праграме мы паразмаўлялі аб адметнасцях, якія існуюць паміж такімі паняццямі як супольнасць і грамадства. Мы убачылі, што ў супольнасці дамінуе прыродная, біялагічная дадзенасць, у той час, як ў грамадстве розум, згода і цноты. У супольнасці існуе прыярытэт супольнага, у той час як ў грамадстве, індывідульная свабода, рацыянальнасць, і закон.

Сёння мы паразмаўляем аб паняцці “нацыя”, якое на думку Жака Марытэна, стала ў ХХ ст. сваёго рода бажэством, якому пакланяюцца многія людзі і цэлыя супольнасці. Марытэн адносіць нацыю да супольнасці, а не да грамадства. Убачыць усе характарыстыкі нацыі, на думку філосафа, не вельмі лёгка. “Нацыя – гэта адна з самых важных, напэўна самая складаная і дасканалая супольнасць, якую нарадзіла цывілізаванае жыццё”, - піша Марытэн.

Слова нацыя паходзіць ад лацінскага nasci, г.зн, нараджэнне. Аднак, яна не адносіцца да сферы біялагічнага, як напрыклад раса. Яна адносіцца да этыка-сацыяльнай сферы – гэта супольнасць, заснаваная на факце нараджэння і паходжання: нараджэнне для разумнага жыцця, цывілізаванай дзейнасці, паходжанне ад сямейных традыцый, сацыяльнай і юрыдычнай фармацыі, ад агульных уяўленняў і звычаяў, агульнай гістарычнай памяці, пакутаў, імкненняў, спадзяванняў, прадрассудкаў і крыўд. Карацей кажучы, нацыя - гэта супольнасць людзей, якія асэнсавалі сябе такімі, якімі іх стварыла гісторыя. Людзей, якія захоўваюць сваё мінулае, любяць сябе такімі, якімі яны сябе ведаюць і ўяўляюць.

Марытэн падкрэслівае, што у нацыі існуе асаблівая сканцэнтраванасць на саміх сябе, і гэта параджае небяспеку. Абуджэнне нацынальнай самасвядомасці было характэрнай рысай сучаснай гісторыі. Будучы сама па сабе нармальнай, нацыянальная самасвядомасць гіпертрафіравалася і вылілася ў пошасць нацыяналізма, бо паняцці нацыі і дзяржавы былі пераблытаны і змешаны паміж сабой вельмі неўдачлівым чынам.

“Нацыя не з’яўляецца грамадствам”, - падкрэслівае Жак Марытэн. Яна, гэта супольнасць супольнасцяў, якія маюць самасвядомасць і гістарычна, фізічна і сацыяльна аб’яднаныя паміж сабой. У нацыі ёсць эліты і цэнтры ўплыва, але няма главы і кіруючай улады, няма рацыянальных форм юрыдычнай арганізацыі, ёсць мары, але няма агульнага дабра; ёсць салідарнасць, адданасць, гонар, але няма грамадзянскай згоды; ёсць звычаі, але няма фармальных норм і парадка. Нацыя не звяртаецца да свабоды і сумлення чалавека. Такім чынам хрысціянскі філосаф адзначае, што нацыя не можа пераўтварыцца ў палітычнае грамадства. Яна можа стаць толькі глебай на якой народзіцца палітычнае грамадства. Сама ідэя палітычнага грамадства адносіцца да больш высокага парадка.

Тое, аб чым мы толькі што пачулі, дае нам асэнсаваць наколькі ў сучаснай гісторыі былі змешаны нацыі і дзяржавы, міф аб нацыянальнай дзяржаве і аб тым, што кожная нацыя павінна арганізавацца ў асобную дзяржаву. Гэтыя ўяўленні негатыўна змянілі вообраз, як нацыі так і дзяржавы.

Нацыя ў ХХ ст. стала бажэством, чый абсалютны эгаізм быў недатыкальным, а сваю палітычную моц, яна выкарыстоўвала для знішчэння любога трывалага парадка сярод народаў. Калі дзяржава, атаясамніла сябе з нацыяй яго воля да ўлады павялічылася; яно дазволіла сябе навязаць сілай закона, так званы вобраз і дух нацыі, уводзячы ў жыццё культурны, ідэалагічны і самадзяржаўны таталітарызм. Адначасова таталітарная дзяржава дэградавала, згубіла пачуццё адчування аб’ектыўнай справядлівасці і закона і вярнулася да таго, што ўласціва племянному і феадальнаму грамадсвту. Гэта адбылося таму, што сувязь, якая павінна існаваць на аснове закона, замянілася сувяззю заснаванай на адзінстве крыві, на асабістых абавязках чалавека перад іншым чалавекам, кланам, партыяй, лідэрам.

Жак Марытэн прыводзіць некалькі гістарычных прыкладаў: Германіі, Аўстра- Венгерскай імперыі, Францыі і ЗША. Германія, уяўляла сабой сукупнасць нацыі, аднак, яна аказалася няздольнай стварыць сапраўднае палітычнае грамадства; яна была пераможана, бо празмерна павялічвала нацыянальныя пачуцці дзякуючы існаванню дзяржавы-нацыі. Другі прыклад Аўстра-Венгрыя: тут была створана дзяржава, але не нацыя. З іншага боку Францыі і ЗША, апынуліся ў вельмі добрых умовах адносна пачуцця свабоды, а таксама рашучай ролі свабоднага выбара і згоды людзей. Гэта дапамагло стварыць адзіную нацыю, згуртаваную вакол палітычнага грамадства.

Такім чынам, мы бачым, што паняцці нацыі і дзяржавы, супольнасці і грамадства ў ХХ ст. змяшаліся і выліліся ў з’яўленне агрэсіўных нацыяналізмаў, якія сталі варожымі чалавецтву і Каталіцкаму навучанню. З іншага боку, узніклі краіны, у якіх супольнасці людзей аб’ядналіся вакол рацыянальнага палітычнага грамадства. Аб яго сутнасці мы пагаворым у нашых наступных праграмах.








All the contents on this site are copyrighted ©.