2011-09-19 13:17:35

Бэнэдыкт XVI: дзякую жыхарам Вялікабрытаніі за цёплы прыём год таму


RealAudioMP3 З нагоды першай гадавіны свайго візіту ў Вялікабрытанію, а ён адбыўся 16-19 верасня 2010 г. папа Бэнэдыкт ХVI, за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчыціо Бэртонэ скіраваў спецыяльнае пасланне католікам гэтае краіны. У пасланні Святы Айцец выказаў падзякую за “цёплы прыём”, які год таму атрымаў у Англіі. Папа спадзяецца, што св. Імшы падзякі за яго візіт, якія цэлебраваліся ў касцёлах краіны у нядзелю 18 верасня, “служаць новым заклікам узяць на сябе выклікі, якія былі ўзнятыя год таму”, значыць “радасна сведчычь аб праўдзе Евангелля, якая вызваляе розум і асвятляе імкненні жыць мудра і добра ў грамадстве”.

За візіт Папы падзякавала таксама Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса. Іерархі ў сваім пасланні заклікаюць вернікаў прытрымлівацца шляху, які ўказаў Папа. “Святы Айцец дапамог шмалікім асобам зразумець, што вера не з’яўляецца праблемай, якая патрабуе вырашэння, але хутчэй дарам, які трэба адкрыць”,- адзначаюць біскупы. Яны звяртаюць увагу на тое, што накірункі, якія даў ім Бэнэдыкт ХVI падахвочваюць іх імкнуцца да абнаўлення Касцёла і грамадства за пасрэдніцтвам місіі, навучання і сведчання ўсіх хрысціян.

Адсюль вынікае актуальнасць новай евангелізацыі і біскупы заклікаюць усіх вернікаў “з мужнасцю прыняць удзел у пабудове лепшай будучыні краіны, асабліва ў гэты час цяжкага эканамічнага крызіса і грамадскіх напружанняў”.

Прымас Англіканскае Царквы Роўэн Уільямс з нагоды першай гадавіны візіту Папы у Вялікабрытанію напісаў, што “візіт Святога Айца быў вялікім дарам для ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў краіны”. Арцыбіскуп Кентэрберыйскі нагадвае “памятную прамову Папы у Вестмінстэр Гол. “Верасень мінулага года выразна нагадаў шырокай грамадскасці, што хрысціянскае навучанне не тычыцца толькі малой супольнасці, але з’яўляецца рэальнасцю, якой захапляюцца мільёны асоб рознага ўзрасту і расы”.- адзначыў Роўэн Уільямс.

Падзяку Папе выказаў таксама прэм’ер-міністр Дэвід Камерон, які ў сваім пасланні пацьвердзіў актуальнасць навучання Папы, якое засяродзіла тады ўвагу “на справядлівасць, памяркоўнасць і спагадлівасць”. Палітык сказаў, што глыбока паважае вялікі ўклад, які веруючыя асобы даюць брытанскаму грамадству. Ён сказаў, што будзе імкнуцца да “што-раз большага супрацоўніцтва паміж Вялікабрытаніяй і Апостальскай Сталіцай, у карысць агульнага дабра”.








All the contents on this site are copyrighted ©.