2011-09-17 13:28:22

Італія: беатыфікацыя кс. Франчэско Палеары


RealAudioMP3 17 верасня ў італьянскім горадзе Турыне адбылася беатыфікацыя кс. Франчэско Палеары. Ён нарадзіўся ў 1863 г.ў Польяно Міланэзэ, каля Мілана, у вельмі пабожнай і шматдзетнай сям’і. Яго бацькі былі простымі сялянамі і выхоўвалі сваіх дзяцей ў простай і моцнай веры, у поўным даверы Божаму Провіду. У вельмі раннім узросце Франчэско пачуў пакліканне да святарскага жыцця. Паступіў у духоўную семінарыю “Малога Дому Божага Провіду” ў Турне, заснавальнікам якой быў св. Джусэппэ Котоленго ( 1786- 1842). Франчэско Палеары прыняў святарскае пасвячэнне ў 1886 г. маючы толькі 23 гады.

На працягу 40 гадоў быў спаведнікам і духоўным кіраўніком у дыяцэзіяльнай семінарыі ў Турыне. Вёў рэкалекцыі для святароў, законніц і свецкіх асоб. Інтэнсіўная душпастырская праца і шматлікія абавязкі, якія ўзяў на сябе, прывялі да таго, што пачаў ён хварэць. Сваю хваробу пераносіў мужна, у вялікай веры і адданасці Богу. Памёр 7 мая 1939 г. Ужо за жыцця вернікі прызнавалі яго за святога.

Св. Беатыфікацыйную Імшу цэлебраваў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Сённяшняя беатыфікацыя з’яўляецца 14 ў гэтым годзе і 95 з пачатку пантыфіката папы Бэнэдыкта ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.