2011-09-16 10:22:29

Святая Зямля: “Ойча Наш!” па-беларуску


RealAudioMP3 “Ойча Наш! Каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё…” Ужо некалькі дзён, з 12 верасня, жыхары і госці Іерусаліма могуць прачытаць галоўную хрысціянскую малітву на беларускай мове. Табліца з малітвай па-беларуску з’явілася на сцяне аднаго з самых вядомых і знакамітых касцёлаў Святой Зямлі – “Pater Noster” – з латыні назва дакладна і перакладаецца як “Ойча Наш!”. Яшчэ гэты храм называюць Касцёлам Нацый, таму што на яго сценах ужо размешчана каля 130 табліц з галоўнай малітвай хрысціянства на нацыянальных мовах. Але тэксту па-беларуску да гэтага часу не было. Як паведаміў пробашч архікатэдральнага касцёла Імя Насвяцейшай Панны Марыі кс. Антоні Клімантовіч, 2 гады таму таму, падчас пілігрымкі, узнікла думка ўсталяваць “нашу” табліцу. Аўтарам ідэі з’яўляецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Зрабілі табліцу мясцовыя ізраільскія майстры. Кераміка, надпіс па-французску “Belarusse” уверсе, прыгожы нацыянальны арнамент па перыметру. Памер даволі вялікі – 2 метры ўвышыню і 1 метр 20 сантыметраў ушырыню. Нягледзячы на тое, што на сцяне храма засталося вельмі мала свабоднай плошчы. На ўрачыстасць асвячэння табліцы, якая пройдзе 25 кастрычніка ў Іерусаліме адправіцца шматлікая беларуская дэлегацыя – 200 чалавек. З’яўленне беларускамоўнай табліцы мае вялікае значэнне не толькі ў рэлігійным, але і культурным аспекце.

Таму, можна казаць, што цяпер беларускія католікі ўголас і на роднай мове паведамілі аб сабе ўсяму хрысціянскаму свету, гісторыя якога пачынаецца ў гэтым святым месцы. Бо менавіта тут, калі апосталы папрасілі Хрыста навучыць іх маліцца, Ён першы раз прамовіў гэтыя словы – “Ойча Наш! Каторы ёсць у небе…”

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.