2011-09-15 12:46:51

Бэнэдыкт XVI: задача біскупаў – навучаць вернікаў удзелу ў святарскім і прароцкім служэнні


RealAudioMP3 15 верасня ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа Бэнэдыкт XVI сустрэўся з каталіцкімі іерархамі, якія нядаўна прынялі біскупскую сакру. У сваёй прамове да біскупаў, Папа адзначыў, што ўжо дзесяць год іcнуе такая традыцыя, што новапрызначаныя іерархі прыязджаюць разам у Рым, да гроба апостала Пятра, каб паразважаць аб сэнсе свайго асаблівага служэння. Ініцыятарам такіх сустрэч, з’яўляецца Кангрэгацыя па справах Біскупаў, якая імкнецца такім чынам рэалізаваць выхаваўчыя накірункі акрэсленыя ў пост-сінадальнай Апостальскай адгартацыі “Pastores gregis” (“Пастыры статкаў”).

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на некаторыя важныя аспекты біскупскага служэння. Па-першае Святы Айцец адзначыў важнасць біскупскай калегіяльнасці і адзінства. Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на важнасць прыняцця біскупамі харызматаў неабходных для будавання Касцёла, якія яны атрымаліваюць ад Святога Духа. “Біскупскае пасвячэнне ўмацавала ў вас поўню сакрамэнта, які ў касцёльнай супольнасці, неабходны для служэння вернікам, іх духоўнага роста і святасці”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што важнай задачай біскупаў з’яўляецца навучаць вернікаў, больш інтэнсіўна ўдзельнічаць у святарскім і прароцкім служэнні, дапамагаючы будаваць Касцёл, згодна з дарамі атрыманымі ад Бога. “Прымаючы, судзячы і прызначаючы розныя дары і харызматы, біскуп здзейсняе вялікую ласку і каштоўнае служэнне для святарства вернікаў і жыцця Касцёла, які заззяе як нявеста Пана, апранутая ў святасць сваіх дзяцей”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў біскупаў заўсёды паглыбляць сваё духоўнае жыццё, углядацца ў прыклад Добрага Пастыра, праз малітву і разважанні свае думкі і чалавечыя цноты набліжаць да Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.