15 верасня ў свеце
адзначаецца Міжнародны дзень дэмакратыі. З гэтай нагоды, генеральны сакратар ААН Пан
Гі Мун звярнуўся з спецыяльным пасланнем, у якім адзначыў, што гэты год з’яўляецца
вельмі незвычайным для дэмакратыі. “Міліёны людзей прынялі ўдзел у драматычных падзеях
на Блізкім Усходзе, Паўночнай Афрыцы і іншых рэгіёнах, а таксама яшчэ большая колькасць
з вялікай зацікаўленасцю сачылі за тым, што там адбываецца. Гэтыя падзеі падцвердзілі,
што дэмакратыя з’яўляецца універсальнай мадэллю, якой жадаюць усе людзі і яна не чужая
ні для адной з культур”, - сказаў Пан Гі Мун.
Генсек ААН звярнуў увагу на тое,
што 2011 г. паказаў, што дэмакратыя не можа быць прынесена звонку: яна павінна нарадзіцца
з волі народа і павінна падтрымліваццца актыўнай і моцнай грамадскай супольнасцю.
Пан Гі Мун падкрэсліў, што ў гэтым годзе таксама адзначаецца 20-годдзе перамен, якія
адбыліся ва Ўсходняй Еўропе. “Многія краіны гэтага рэгіёна, яшчэ сёння знаходзяцца
толькі на пачатку свайго дэмакратычнага шляха. Я ведаю, якой працы патрабуе будаўніцтва
прававой дзяржавы, умацаванне празрыстасці і адказнасці, перагляд палітычных і эканамічных
сістэм”, - сказаў кіраўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацыі.
Ён адзначыў, што задача
ААН палягае ў тым, каб спрыяць развіццю дэмакратычных працесаў ва ўсім свеце. “Праз
сваю дзейнасць ААН не спрабуе экспартаваць ці спрыяць нейкай асаблівай нацыянальнай
ці рэгіянальнай мадэлі дэмакратыі. Яе праца заключаецца ў тым, каб спрыяць разуменню
таго, што дэмакратычныя ідэалы маюць свае карані ў філасофіях і традыцыях, што паходзяць
з розных куткоў света, дэмакратычны урад эфектыўней гарантуе якасць жыцця мужчын і
жанчын і дэмакратыя з’яўляецца фундаментам міра, бяспекі і працяглага развіцця”, -
напісаў Пан Гі Мун.