2011-09-14 16:11:00

Кардынал Левада сустрэўся з кіраўніком Брацтва св. Пія Х


RealAudioMP3 14 вераня ў сядзібе Папскай камісіі “Ecclesia Dei” адбылася сустрэча старшыні гэтай дэкастэрыі кардынала Уільяма Левады з кіраўніком Святарскага Брацтва св. Пія Х біскупам Бернардам Фелаем. У паведамленні апублікаваным пасля сустрэчы адзначаецца, што прызнанне Брацтвам св. Пія Х дактрынальнай прэамбулы з’яўляецца ўмовай поўнага прымірэння лефебрыстаў з Апостальскай Сталіцай.

Паведамленне нагадвае, што на пачатку 2009 г. папа Бэнэдыкт ХVI зняў экскамуніку з біскупаў, якіх пасвяціў без згоды Папы арцыбіскуп Марсэль Лефебр у 1988 г. “Прымаючы пад увагу хваляванні і просьбы прадстаўленыя членамі Брацтва св. Пія Х, у якіх гаворыцца аб павазе і разуменні інтэгральнасці каталіцкай веры згодна з пазіцыяй ІІ Ватыканскага Сабора адносна Традыцыі, Кангрэгацыя Веравучэння прызнае за аснову поўнага прымірэння з Апостальскай Сталіцай прызнанне Лефебрыстамі дактрынальнай прэамбулы, якая была ім перададзена 14 верасня 2011 г.”,- гаворыцца ў паведамленні Залі Друку Апостальскай Сталіцы.

Прэамбула змяшчае некаторыя дактрынальныя прынцыпы і крытэрыі інтэрпрэтацыі каталіцкага навучання, якія неабходны, каб гарантаваць вернасць навучанню Касцёла. “Адкрытай застаецца магчымасць далейшага вывучэння і тэалагічнага тлумачэння выразаў і фармуліровак прысутных у дакументах ІІ Ватыканскага Сабора і ў паслясаборавым навучанні”,- адзначаецца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Падчас сустрэчы былі прапанаваны некаторыя элементы кананічнага вырашэння сітуацыі Святарскага Брацтва св. Пія Х.








All the contents on this site are copyrighted ©.