2011-09-13 10:23:15

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Варожасць да іншых рэлігій


RealAudioMP3 Паважаныя радыёслухачы, рады вітаць вас на чарговым спатканні, прысвечаным хрысціянскай тоеснасці. У нашай папярэдняй перадачы мы звярнулі ўвагу на тое, якую важную ролю ва ўмацаванні нашай ідэнтычнасці можа адыграць сустрэча са светам іншай асобы, яе перакананнямі і верай. Аднак гэтая сустрэча нясе ў сабе вялікую небяспеку для тых, хто не ведае багацця ўласнай рэлігіі і культуры. Паўнавартаснае спатканне – гэта дыялог асобаў у духу ўзаемнай пашаны, сустрэча ў праўдзе і любові.

Нажаль, католік, які не ведае сваёй веры і культуры, можа жыць ілюзіяй, што калі ён нічога не ведае, значыць, нічога няма. Гэта праблема адсутнасці самакрытыкі. Сітуацыя, калі асоба не разумее, што яе ўяленні аб Касцёле не абавязкова адпавядаюць рэальнасці. Нашыя перкананні патрабуюць няспыннага тэсціравання, праверкі: ці сапраўды ўсё так, як мне здаецца. Гэта становіцца надзвычай важным асабліва ў моманты сур’ёзных жыццёвых рашэнняў, ад якіх можа залежаць не толькі зямное жыццё чалавека, але і цэлая вечнасць.

У нашых папярэдніх разважаннях мы звярнулі ўвагу на такую важную праблему ў адносінах да іншага светапогляду, як бескрытычнае захапленне. Мы заўважылі, што бескрытычнасці адносна іншай рэлігійнасці часта спадарожнічае празмерная крытычнасць і агрэсіўнасць адносна сваёй, старой рэлігійнасці.

У сённяшняй перадачы хачу запрасіць вас, шаноўныя слухачы, прыгледзецца да чарговай небяспечнай паставы адносна іншай рэлігіі – гэта нянавісць, ксенафобія.

Нажаль, гісторыя і сучаснасць могуць прывесці нам шматлікія прыклады таго, як рэлігійны фанатызм і ксенафобія даводзяць да велізарных чалавечых трагедый. Дастаткова прыгадаць хаця б сучасную праблему ісламскага тэрарызма, дзе часта выкарыстоўваецца рэлігійная матывацыя. Рэлігійная ксенафобія была пачаткам многіх канфліктаў паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі грамадствамі Еўропы ў мінулыя стагоддзі. Гэтыя факты часта выкарыстоўваюць атэісты. Атаясамліваючы фанатызм і нецярпімасць з рэлігійнасцю, яны заклікаюць да знішчэння ўсіх форм рэлігійнасці. Але ці гэта не чарговая ксенафобія ўжо ў атэістычным выданні? Тым больш, у мінулым стагоддзі мы перажылі драму насільнай атэізацыі, спробаў фізічнага вынішчэння рэлігіі. Як бачым, атэізм здольны на яшчэ горшыя праяўленні насілля, чым рэлігія.

Нецярпімасць, фанатызм і ксенафобія – гэта праблемы, якія датычаць чалавека ўвогуле, а не з’яўляюцца прэрэгатывай нейкай адной сферы. Можа быць ксенафобія зусім не звязаная з рэлігіяй. Прыкладам гэтага могуць быць жахлівыя канфлікты на нацыяльнай, палітычнай або эканамічнай глебе.

Розныя формы агрэсіі і нянавісці могуць закрануць любую сферу жыццядзейнасці чалавека. Чым больш яна закранае інтымныя, глыбінныя перажыванні асобы, тым большы можа быць выбух агрэсіі. Здаецца, рэлігійная сфера належыць да такіх найбольш далікатных і фундаментальных узроўняў чалавечай душы. Бо тут закранаюцца асновы светапогляду, пытанні сэнсу і мэты жыцця. Ад рэлігійных перакананняў залежыць сфера маралі, паводзін і рашэнняў асобы. Таму выкрыўленне рэлігійнасці прыводзіць да страшэнных наступстваў не толькі ў прыватным жыцці чалавека, але ўплывае на цэлае грамадства. Нават страшна ўявіць сабе, на што можа быць здольная група людзей з выкрыўленымі ўстаноўкамі жыццёвых мэтаў, маральных і рэлігійных прынцыпаў.

Як жа недапусціць да развіцця гэтых хваробаў чалавечай душы? У першую чаргу варта зыходзіць з фундаментальнага прынцыпа хрысціянства: любові да кожнага чалавека. У практыцы гэта азначае як мінімум пашану да перакананняў іншай асобы. Бо розныя формы ксенафобіі і нецярпімасці з’яўляюцца грахамі менавіта супраць запаведзі любові да бліжняга. І нават калі мы заўважаем, што перакананні дадзенай асобы прымітыўныя, ня згодныя з праўдай, то гэта не дае нам права на яе асуджэнне. Ніколі нельга асуджаць асобы. Нельга таксама спяшацца з атакай перакананняў, святых для нейкага чалавека. Шматвекавы вопыт Касцёла сведчыць аб тым, што няма лепшага шляху да праўды, як поўны любові дыялог, апеляцыя да цвярозага мыслення і выхавання духа здаровай самакрытыкі. І калі ўсё гэта будзе пацверджанае асабістым прыкладам хрысціянскага жыцця, то не трэба будзе шмат словаў, бо ўчынкі будуць гаварыць самі за сябе. Бо толькі любоў можа пабудзіць да любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.