2011-09-12 13:14:57

Чылійскія біскупы: павага да нявіннага жыцця існавала задоўга да хрысціянства


RealAudioMP3 Канферэнцыя біскупаў Чылі скіравала спецыяльны зварот, пад назвай “Голас жыцця нявінных” да палітыкаў і законадаўцаў краіны, з нагоды дэбатаў аб легалізацыі абортаў, якія пачаліся на мінулым тыдні. Супраць зменаў у законы краіны выступіў таксама прэзідэнт Чылі Себасціян Пінэра.

Гаворка ідзе аб легалізацыі абортаў, у трох выпадках: калі цяжарнасць пагражае жыццю маці, калі дзіця, яшчэ ва ўлонні, недобра сфарміравалася і калі цяжарнасць стала вынікам згвалтавання. Чылійскія іерархі адзначаюць, што усведамляюць аб пакутах, якія перажываюць маці і сем’і ў падобных сітуацыях. “Такія выпадкі з’яўляюцца прычынай болю, пакут і неўпэўненасці, перад абліччам якіх ніхто не можа заставацца абыякавым. - падкрэсліваюць біскупы - Аднак выхад з такіх сітуацый неабходна шукаць, памятаючы пра абавязак клапаціцца аб жыцці, як маці, так і дзіцяці”. “Гэта заданне, стаіць перад усёй медыцынскай сістэмай, а таксама грамадствам”, - адзначаюць іерархі.

Члены чылійскага епіскапата заклікаюць да пашырэння адукацыі і павагі да каштоўнасці жыцця, клопату аб слабых, салідарнасці, суперажыванню і справядлівасці.

“Дабраахвотнае забойства нявіннага стварэння з’яўляецца вельмі цяжкім амаральным актам”, - нагадваюць іерархі словы папы Яна Паўла ІІ з энцыклікі “Evangelium vitae”. “Гэты прынцып з’яўляецца глыбока чалавечым, і ён існаваў яшчэ задоўга да хрысціянства”, - адзначаюць біскупы.

Каталіцкія іерархі заклікаюць да пашырэння навуковых даследванняў і развіцця магчымасцяў, якія дапамогуць захоўваць жыцці як маці, так і дзіцяці, і абароняць нявіннае жыццё ад пагрозаў, якія перад ім ставіць сучасная культура.








All the contents on this site are copyrighted ©.