2011-09-11 13:49:36

Бэнэдыкт XVI: заклікаю адмовіцца ад гвалту, як сродка вырашэння праблем! (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Пасля заканчэння св. Імшы, на тэрыторыі порта ў Анконе, перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў з кароткай прамовай, у якой нагадаў аб дзесятай гадавіне тэрактаў 11 верасня. “Заклікаю кіраўнікоў дзяржаў і людзей добрай волі адмовіцца ад гвалту, як сродка для вырашэння праблем, заклікаю супрацьстаяць спакусе нянавісці і працаваць на карысць грамадства заснаванага на прынцыпах салідарнасці, справядлівасці і супакою”, - сказаў Папа. Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Папы.


Дарагія браты і сёстры!

Перш чым закончыць гэту ўрачыстую Эўхарыстыю, малітва “Анёл Панскі” запрашае нас скіраваць позірк на Найсвяцейшую Панну Марыю, каб сузіраць бездань любові з якой паходзіць сакрамэнт Эўхарыстыі. Дзякуючы яе “так”, Слова Божае сталася целам і пасялілася сярод нас. Разважаючы над таямніцай Уцелаўлення мы скіроўваем нашы сэрцы і розум да санктуарыя Святога Дома ў Ларэта, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах адсюль. Зямля рэгіёну Марке асветлена духоўнай прысутнасцю Марыі, ў яе Санктуарыі, які робіць яшчэ больш прыгожымі гэтыя пагоркі. Зараз я даручаю заступніцтву Марыі горад Анкону, дыяцэзіі рэгіёну Маркэ і ўсё Італію, каб яе народ захоўваў заўсёды жывой веру ў эўхарыстычную таямніцу. Няхай ў кожным горадзе і вёсцы Італіі, ад Альпаў аж да Сіцыліі, будзе прысутным Уваскрослы Хрыстус, крыніца надзеі і суцяшэння ў штодзённым жыцці, асабліва ў цяжкія часы.

Сёння мы ўспамінаем 11 верасня 2001 г. Даручаем Пану Жыцця ахвяры тэрактаў, якія былі здзейснены ў ЗША, а таксама членаў іх сем’яў. Заклікаю кіраўнікоў дзяржаў і людзей добрай волі адмовіцца ад гвалту, як сродка для вырашэння праблем, заклікаю супрацьстаяць спакусе нянавісці і працаваць на карысць грамадства заснаванага на прынцыпах салідарнасці, справядлівасці і супакою.

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі малюся да Пана, каб узнагародзіў усіх тых, хто прычыніўся да падрыхтоўцы і арганізацыі гэтага Нацыянальнага Эўхарыстычнага Кангрэса і ад усяго сэрца дзякую вам за гэта.








All the contents on this site are copyrighted ©.