2011-09-10 14:52:19

Кардынал Равазі: неабходна аднавіць сувязь паміж музыкай і верай


RealAudioMP3 “Аднавіць сувязь паміж сучаснай музыкай і літургіяй, каб даць новае дыханне адносінам, дзякуючы якім у мінулым былі створаны бессмяротныя шэдэўры”, - сказаў падчас адкрыцця кангрэса пад назвай “Музыка і вера” старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. Форум, у якім прымаюць удзел шматлікія сучасныя кампазітары з усяго свету, адкрыўся 10 верасня ў італьянскай Перуджы.

У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх адзначыў, што дзякуючы адносінам паміж верай і музыкай з’явіліся сапраўдныя шэдэўры.

“На працягу амаль двух тысячагоддзяў, музыка і вера заўсёды ўзаемадзейнічалі паміж сабой: можна ўзгадаць шматлікія псальмы, св. Імшы, грыгарыянскія спевы, гімны і іншыя творы. Гэтыя адносіны, аднак, сёння ў пэўнай ступені спыніліся, бо вельмі часта сучасныя музычныя творы не адпавядаюць той вышыні, якую яны павінны перадаваць. З іншага боку, існуе музыка, якая з’яўляецца вельмі далёкай ад якога-небудзь дыялога з верай. Важна аднавіць глыбокую сувязь, якая аб’ядноўвае і звязвае паміж сабой гэтыя дзве “сястры”.

Гаворачы аб сучаснай духоўнай музыцы кардынал Равазі вылучыў тры яе узроўні: першы, гэта ўся сучасная музыка , ў якой прысутнічаюць духоўныя матывы. Гэта могуць быць творы Дэ Андрэ, амерыканца Леанарда Коўэна, а таксама сучасных італьянскіх выканаўцаў Вэкіоні, Бальоні. Другі узровень, на думку кардынала, прадстаўлены творамі сакральнай музыкі, якая можа быць і канцэртнай. Гэта музыка ў якой выкарыстоўваюца біблійныя тэксты і тэмы. Нарэшце трэці узровень, самы складаны – гэта літургічная музыка. “Творы такога узроўня, павінны перадваць значэнне абрадаў, быць іх выразам”, - сказаў кардынал Равазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.