2011-09-08 09:56:17

Арцыбіскуп Цоліч аб візіце Папы ў Германію


RealAudioMP3 “Да нас прыбудзе чалавек, які не толькі прадстаўляе каталіцтва, але таксама каштоўнасці, якія стаяць па-над светам. Прыбудзе чалавек з па-сапраўднаму прароцкімі якасцямі”, - сказаў арцыбіскуп Роберт Цоліч, арцыбіскуп Фрыбурга і старшыня нямецкага епіскапата ў інтэрв’ю нямецкаму выданню “Die Welt”. Гаворачы, аб візіце Бэнэдыкта XVI у Германію, які пройдзе 22-25 верасня, іерарх звярнуў увагу на шматлікія аспекты гэтай важнай падзеі.

“Вобраз Папы вельмі змяніўся. Падчас Сусветных дзён моладзі многія ўбачылі, што Бэнэдыкт XVI не з’яўляецца такім цвёрдым чалавекам, якім многія яго сябе прадстаўлялі”, - сказаў арцыбіскуп Цоліч.

Іерарх падкрэсліў таксама важнасць выступлення Папы ў парламенце Германіі. “Прысутнасць Святога Айца ў Бундэстагу, будзе не толькі гонарам для Бэнэдыкта XVI, але і ўсёй нашай краіны”, - сказаў арцыбіскуп.

Яшчэ адным важным аспектам візіта Папы ў Германію, на думку арцыбіскупа Цоліча, будзе сустрэча з прадстаўнікамі Лютэранскай Царквы. Іерарх адзначыў, што гэта паспрыяе развіццю экуменічнага дыялога. Ён нагадаў, што пасля візіта Яна Паўла ІІ у гэту краіну, дыялог паміж католікамі і лютэранамі вельмі ажывіўся, у выніку чаго ў 1999 г., паміж імі была падпісана супольная Дэкларацыя аб апраўднанні.

Падчас размовы з журналістамі “Die Welt”, арцыбіскуп Цоліч адзначыў, што падчас свайго візіта ў Германію, Папа пажадаў сустрэцца з былым канцлерам гэтай краіны, Гельмутам Колем. “Я думаю, гэта з’яўляецца сапраўдным прызнаннем уклада Коля ў справу аб’яднання Германіі і ўсёй Еўропы”, - сказаў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.