2011-09-05 09:17:05

"З сэрцам у кантакце". Кардынал Сліпы аб тэрміне "праваслаўе"


RealAudioMP3 Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. У адной з перадач прапанаваў паразважаць пра слова «праваслаўныя». Што крыецца за гэтым паняццем? Ці гэтым тэрмінам акрэсліваецца прыналежнасць некаторых хрысціянаў да Рускай Праваслаўнай Царквы? Такія простыя пытанні, але менавіта яны напрошваюцца ў першую чаргу, калі мы пачынаем, шукаць адказу на пытаньне: што азначае тэрмін «праваслаўныя»?

Калі ў папярэдніх перадачах я самастойна спрабаваў адказаць на гэтае пытаньне, то сёння вашай увазе я прапаную адказы больш кампетэнтнай асобе, чым я сам. Гэтай асобай зьяўляецца ужо спачыўшы ў Бозе кардынал Іосіф Сліпы. Яго Эмінэнцыя напісаў у свой час вельмі грунтоўнае разважанне на тэму, якой мы цікавімся ў гэтай перадачы. Я ж са свайго боку меў дзёрскасьць перакласьці гэтыя разважаньні з украінскай мовы на беларускую.

Вядома, я не хачу і ня буду чытаць увесь гэты тэкст, але некаторыя фрагменты будуць вам, сябры, працытаваныя. Давайце зробім гэта ў форме мажлівых пытаньнеў ад нас спачыламу архіпастару і цытат з дакуманту, якія будуць яго адказамі. Але перад тым, як распачнем, дазвольце, што больш падрабязна распавяду вам, сябры, пра кардынала Іосіфа Сліпога.


Іосіф Сліпы. Хто ён такі?

Кароткая біяграфічная звестка: Яго Эмінэнцыя кардынал Іосіф Сліпы, Вярхоўны архібіскуп Львоўскі, мітрапаліт Галіцкі, галава Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (з 1 лістапада 1944 года па 7 верасня 1984 г.). Кардынал Іосіф Сліпы быў папярэднікам Любаміра Гузара, якога той сам рукапаклаў, і ў якім бачыў свайго пераемніка. А цяпер давайце зададзім Эмінэнцыі пытаньні!

- Вядома, што тэрмін «праваслаўныя» паходзіць з хрысьціянскага Усходу, наколькі назва «праваслаўныя» тычыцца хаця б нас, католікаў?

- «Слова «праваслаўны» стала агульнапрынятым для абазначэння вернікаў праўдзівай веры ў адрозненні ад усіх ерэтыкоў - монафізітаў, монатэлітаў, іканаборцаў, іншаверцаў, сектантаў ды інш. Яно набыла яшчэ большую вагу, калі ІІ Нікейскі Сабор 787 г. ужыў тэрмін «праваслаўны» супраць іканаборцаў. Гэты Сабор асудзіў іканаборства, заснаванае імператарам Львом Ізаврыйскім. Пасля Сабору ўрачыста была адсвяткавана перамога над іканаборцамі ў Царградзе.

У 842 г. вырашана, каб на будучыню гэта свята святкавалі ў першую нядзелю Вялікага Посту, як «Нядзелю праваслаўя». Такім чынам, праваслаўныя візантыйскія цэрквы з'яўляюцца праваслаўнымі не ў процівагу да Рыму, але да монафізітаў, монатэлітаў і іканаборцаў. Таму слова і назва "праваслаўны" - ỏρθόδοξος - ёсць для нас, паўсюдных заходніх і ўсходніх каталікоў, і візантыйскіх хрысціян супольнай.»

- Як быць з тым, што назва «праваслаўныя» замацавалася за Усходнімі Цэрквамі, якія не знаходзяцца ў сулучнасьці з Апостальскай Сталіцай, з Папам Рымскім?

- «З цягам часу назву "праваслаўны" прысвоілі сабе нез'яднаныя Усходнія Цэрквы як сваю выключную назву і праваслаўем пачалі называць навукі першых сямі Сусьветных Сабораў. Аднак, такое звужэнне паняцця несправядлівае, бо цэлая паўсюдная каталіцкая Царква з'яўляецца праваслаўнай.»

- Ці можна ўжываць слова «праваслаўныя» на багаслужэньні?

- «Слова «праваслаўны» шмат разоў чуем на ўсходніх Літургіях св. Васіля Вялікага, і сьв. Яна Залатавуснага дый на іншых багаслужэннях. Пасля адлучэння Усходніх Цэркваў ад Паўсюднай і Заходняй тэрмін застаўся нязменным: і адны, і другія называлі сябе праваслаўнымі. Пасля вяртання адзінства на Сусьветных Саборах ў Ліёне, Фларэнцыі і на памесным (саборы) ў Брэсце гэтая практыка паўсюль захоўвалася. Трыдэнцкій Сабор скончыў свае рашэнні словамі: «Гэта ёсць вера св. Пятра і апосталаў, гэта вера Айцоў, гэта вера праваслаўных».

- Вядома аднак, што на Заходняй Украіне ўзнікалі і ўзьнікаюць непаразуменні звязаныя з ужываннем слова «праваслаўныя»...

- «На Заходняй Украіне ў мінулым стагоддзі сталі ўзнікаць некаторыя галасы за прапусканне слова "праваслаўны" або замены яго словам «прававерны» або іншымі падобнымі словамі для адрознення сябе ад нез'яднаных праваслаўных або, як іх тады называлі, ад праваслаўных схізматыкаў. Пасля справа набрала вялікую агалоску і абвастрэнне, і нават апынулася ў Кангрэгацыі да спраў распаўсюджвання веры, ад якой прыйшоў выразны адказ: «...Гэтае пытанне грунтоўна абмеркавана, і Іх Эмінэнцыі Айцы вырашылі на агульным сходзе 16 мая 1887, што першае слова (зн."праваслаўны") належыць цалкам захаваць. Гэтая думка Іх Эмінэнцый Айцоў была ў поўні зацверджана Вышэйшым архірэем на аўдыенцыі 17 т.м.».

- Ішымі словамі католікі таксама могуць сябе называць «праваслаўнымі», аднак ці гэта не выкліча блытаніны? Ці варта так рабіць ведаючы, што гэта выкліча пэўныя нязручнасьці?

- «Калі іншыя Цэрквы хочуць прысвоіць гэтую назву выключна для сябе, то з гэтага яшчэ не вынікае, што каталікі павінны зрачыся свайго права на яе, або адмовіцца ад яе самой. Англіканская Царква называе сябе «каталіцкай», але нягледзячы на гэта Сусветная Царква не зракаецца сваёй тысячагадовай назвы. Каталікі ў Англіі называюць сябе для адрознення - Roman catholic - рыма-каталікі. Падобна і каталікі рускага Сінадальнага абраду называюць сябе «праваслаўнымі каталікамі». Гэтак жа і ў нас нельга адмаўляцца ад прадзедаўскай назвы "праваслаўны", таму што яна нам цалкам адпавядае, ня гледзячы на тое, што і іншыя таксама карыстаюцца ёю.

З іншага боку, мы не можам быць блізарукі і вузка глядзець на рэчы, але павінны ўлічваць факт, што большасць украінцаў і расіянаў належаць да праваслаўнага веравызнання і маюць колькасную перавагу над намі. Калі мы не выракаемся сваёй, справядліва нам прыналежнай, назвы праваслаўныя, то яны не могуць намі пагарджаць і лічыць за сектантаў ў іх разуменні і з іх пункту гледжання. Нават, наадварот, гэтае слова пракладае нам царкоўную дарогу да іх. І на Бога надзея, што так адбудзецца. Бо мы павінны прагнуць і імкнуцца да адзінства, паводле запавету Хрыста: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21), «І на гэтым камені Я збудую Царкву Маю» (Мф 16, 18) - не Цэрквы, толькі адну Царкву. А гэта прызнаем і мы, і яны».

Вось атрымалася такое «інтэрв'ю» з біскупам, які даўно ўжо ў небе, але які і сёньня вельмі трапна адказвае на ўсцяж актуальныя для нас пытанні.

На гэтым я развітваюся з вамі, сябры. Вы слухалі праграму «З сэрцам у кантакце». З вамі быў я, вядучы праграмы — а. Андрэй Буйніч. Лістуйце на мэйл zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.