2011-09-03 15:19:03

Апостальская Сталіца: адказ на справаздачу аб раследванні сексуальных злачынстваў у Ірландыі


RealAudioMP3 3 верасня Заля Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала адказ на справаздачу падрыхтаваную ірландскай камісіяй па раследванні сексуальных злачынстваў адносна непаўналетніх, учыненых каталіцкімі святарамі ў гэтай краіне. Дакумент, які складаецца з каля 20 старонак, у вельмі падрабязнай і яснай форме акрэслівае пазіцыю Апостальскай Сталіцы адносна дадзенай праблемы.

Святы Пасад прызнае цяжкасць учыненых святарамі злачынстваў і асуджае сексуальныя злоўжыванні, якія мелі месца ў дыяцэзіі Клойн. Адначасова Апостальская Сталіца выказвае шкадаванне з прычыны вялікіх і жудасных пакут, якія перанеслі ахвяры і члены іх сем’яў і спадзяецца на іх хутчэйшае аздараўленне. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на разуменне гневу, разгубленасці і горычы, якія апанавалі насельніцтва краіны і нявіноўнае духавенства, якога большасць. “Хвалюючым фактам з’яўляецца тое, што кіраўніцтва дыяцэзіі не прыклала дастаткова намаганняў, каб абараніць дзяцей , згодна з дырэктывамі скіраванымі Касцёлу ў Ірландыі, і ў адпаведнасці з нормамі Апостальскай Сталіцы для біскупаў ва ўсім свеце”, - адзначаецца ў дакуменце.

Таксама ўдакладняецца, што падобныя выпадкі больш ніколі не павінны паўтарыцца і Касцёл у Ірландыі ўжо зрабіў неабходныя крокі ў накірунку выпраўлення гэтай складанай сітуацыі і абароны непаўналетніх.

У другой частцы дакумента змяшчаецца аналіз крытычных заўваг скіраваных у адрас Апостальскай Сталіцы. Звяртаецца ўвага на тое, што абвінавачванні Святога Пасада ў жаданні схаваць факты злоўжыванняў не маюць пад сабой ніякага фундамента. Акрамя таго, Апостальская Сталіца ніколі не перашкаждала грамадзянскім уладам Ірландыі ў справе раследвання злачынстваў. У дакуменце, звяртаецца ўвага на патрабаванні ўзаемнага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам, у справе абароны непаўналетніх і рэалізацыі справядлівасці.

Дакумент апублікаваны Апостальскай Сталіцай, выражае жаданне Касцёла, каб падобныя злачынствы больш ніколі не паўтараліся, а таксама адкрытасць на супрацоўніцтва і кансультацыі ў гэтай вельмі сур’ёзнай сферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.