2011-09-01 14:54:56

Германія: вялікая беларуская дэлегацыя на міжнародным кангрэсе


RealAudioMP3 Пачатак верасня азнаменаваны некалькімі значнымі для Беларусі падзеямі, якія адбываюцца па-за яе межамі. Адна з іх - Міжнародны кангрэс каталіцкай арганізацыі "Рэнавабіс", які пачаўся сёння ў нямецкім Фрайзінгу, недалёка ад Мюнхена, дзе месціцца штаб-кватэра арганізацыі. На працягу трох дзён удзельнікі і эксперты з усёй Еўропы, у гэтым годзе асабліва з усходняй яе часткі, будуць размаўляць аб праблеме міграцыі на Старым Кантыненце. Яна датычыць у першую чаргу Усходняй Еўропы, адкуль за апошнія гады эмігравала на Захад некалькі дзесяткаў мільёнаў чалавек. Толькі 5 млн. украінцаў пераехала жыць за межы сваёй краіны.

Паколькі "Рэнабіс" актыўна ўдзельнічае ў душпастырскіх і сацыяльных праектах ва Усходняй Еўропе, 15 Міжнародны кангрэс закліканы адказаць на пытанне, што можна зрабіць для лепшай інтэграцыі мігрантаў у новы культурны і сацыяльны кантэкст, якім чынам дапамагчы краінам усходняй часткі Еўропы гарантаваць сваім грамадзянам годнае жыццё.

Як падкрэсліў Алоіс Глюк, старшыня Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў, праблему міграцыі не можна абагульніць, яна мае спецыфічную структуру і свае асаблівасці для кожнай краіны. На думку нямецкага палітыка, каб адказаць на пытанні, звязаныя з перамяшчэннем людзей з краіны ў краіну, не можна канцэнтравацца толькі на эканамічных аспектах, трэба ўлічваць таксама рэлігійны і культурны кантэксты. Нават у рамках толькі адной краіны могуць існаваць шырокія працэсы міграцыі. Глюк звярнуў увагу на тое, што з такімі працэсамі сутыкнулася ў свой час Германія, калі пасля аб'яднання яе ўсходняй і заходняй часткі, сотні тысяч чалавек скіравалася ў больш развітыя прамыслова рэгіёны. Гэтыя працэсы паказалі адрозненні менталітэту ўсходніх і заходніх немцаў, што прывяло да вялікіх выклікаў, на якія нямецкае грамадства прабуе адказваць да гэтага часу.

Біскуп Ежы Мазур, які ўдзельнічае ў кангрэсе, узгадаў часы сваёй працы ў Беларусі ў 90-ыя гады прошлага стагоддзя. Менавіта тады вызначальную ролю ў фарміраванні сённяшняга аблічча Касцёла ў Беларусі адыграла значная дапамога дабрачынных фондаў, у вялікай ступені "Рэнавабіс".

У сёлетнім форуме прымае ўдзел вялікая дэлегацыя з Беларусі, каля 10 асоб. Яе ўзначальваюць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Уладзіслаў Блін. У Фрайзінг прыбыў таксама архімадрыт Сяргей Гаек. Прысутнічаюць прадстаўнікі беларускай "Карытас" і каталіцкага выдавецтва "Про Хрысто".

Як падкрэсліваюць арганізатары 15 Міжнароднага кангрэса, іх асабліва цешыць шырокая прысутнасць каталіцкіх іерархаў з Усходняй Еўропы - 19 арцыбіскупаў і біскупаў, прымаюць удзел у форуме.

Нядаўна прызначаны дырэктар дабрачыннай арганізацыі, нямецкі езуіт Штэфан Дартман, для якога сёлетні форум стаў першым у якасці кіраўніка "Рэнавабіс", пацвердзіў далейшыя намаганні фонда па дапамозе Касцёлу ва Усходняй Еўропе.

На працягу кангрэса прагучыць некалькі рэфератаў, адбудуцца дыскусіі і нефармальныя сустрэчы, падчас якіх больш за 300 удзельнікаў спрабуюць адказаць на пытанні, звязаныя з тэмамі форуму ў кантэксце сваіх краін.

З Фрайзінгу, кс. Аляксандр Амяльчэня








All the contents on this site are copyrighted ©.