2011-08-26 10:39:18

Бэнэдыкт XVI прыме ўдзел у паседжанні “Гуртка Ратцынгера”


RealAudioMP3 25 жніўня ў Кастэль Гандольфа пачалося паседжанне “Гуртка Ратцынгера” – аб’яднання былых вучняў папы Бэнэдыкта XVI. Стаўшая ўжо традыцыйнай такая летняя сустрэча, працягнецца да 28 жніўня. Падчас яе, каля 40 былых студэнтаў кардынала Ратцынгера будуць абмяркоўваць тэму новай евангелізацыі.

Удзельнікі “Гуртка” паходзяць з розных краін і займаюць розныя пасады. Сярод іх кардынал арцыбіскуп Вены, Крыштаф Шонборн, дапаможны біскуп Гамбургскай дыяцэзіі Ганс-Ёхэн Яшке, сакратар Папскай рады па культуры, кс. Бартэлемы Адукану, а таксама шматлікія ўніверсітэтскія выкладчыкі, святары, законнікі, законніцы і свецкія вернікі. Усе яны з’яўляюцца былымі вучнямі прафесара Ратцынгера, яны пісалі і абаранялі свае навуковыя працы ў тыя гады калі Папа быў выкладчыкам ў нямецкіх універсітэтах.

Падчас паседжання “Гуртка Ратцынгера” 27 жніўня, дзельнікі праслухаюць і абмяркуюць даклады аб Божым Слове ў сучасным секулярызаваным свеце і беднасці, якая становіцца нагодай для салідарнасці паміж людзьмі. У суботу Бэнэдыкт XVI таксама будзе прысутнічаць на паседжанні і выступіць з кароткім уводным словам.

26 жніўня да ўдзельнікаў гуртка далучацца новыя члены – студэнты, якія пішуць навуковыя працы паводле тэкстаў Ёзэфа Ратцынгера. Яны разам са Святым Айцом прымуць удзел ў нядзельнай малітве “Анёл Панскі”. Вечарам, у нядзелю 28 жніўня адбудзецца дыскусія паміж “старымі” і “новымі” членамі “гуртка”, на тэму новай евангелізацыі.

Першая сустрэча Ёзэфа Ратцынгера са сваімі студэнтамі адбылася ў 1977 г., калі будучы Папа быў прызначаны арцыбіскупам Баварыі і Фрызінга. У хуткім часе такія сустрэчы сталі традыцыйнымі і працягваюцца да сённяшняга дня.








All the contents on this site are copyrighted ©.