2011-08-25 10:42:12

Адэса: забаронена правядзене Эўхарыстычнай працэсіі


RealAudioMP3 “Гарадскія ўлады Адэсы, на Украіне, не далі дазвол на правядзенне Эўхарыстычнай працэсіі, якая павінна была адбыцца з нагоды Сусветных дзён моладзі”, - расказаў у інтэрв’ю нашаму радыё біскуп Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі Браніслаў Бернацкі.

“Звычайна мы праводзілі дыяцэзіяльны моладзевы форум. Частка маладых людзей паехала ў Мадрыд на сустрэчу са Святым Айцом, а іншыя засталіся на Украіне. У Адэсе мы планавалі арганізаваць Эўхарыстычную працэсію з моладзю ад касцёла св. Пятра да катэдры”, - расказаў іерарх.

Біскуп Бернацкі адзначыў, што ў мінулыя гады з арганізацыяй працэсіі ў рамках моладзевага форума ніколі не ўзнікала праблем, але ў гэтым годзе ўлады ў апошні момант не далі дазвол на яе правядзенне. Іерарх адзначыў, што у Адэсе дзейнічаюць агрэсіўна настроеныя актывісты арганізацыі “Зубр” ("За саюз Украіны, Беларусі і Расіі"), і ў адміністрацыі горада прычыну адказа патлумачылі тым, што яе члены планавалі ўчыніць напад на каталіцкую працэсію.

“У касцёле св. Пятра адбылася адарацыя, а затым прыватна, без Найсвяцейшага Сакрамэнта, маладыя людзі, разам са святарамі і законнымі сёстрамі прайшлі да катэдры і ніхто на нас не нападаў”, - расказаў біскуп Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі. Іерарх адзначыў таксама, што ў гэтым годзе вернікам Адэсы мясцовыя ўлады не дазволілі правядзенне працэсіі Божага Цела.








All the contents on this site are copyrighted ©.