2011-08-24 12:24:05

Бэнэдыкт XVI: Сусветныя дні моладзі – незабыўная падзея


RealAudioMP3 “Незабыўная падзея”: так падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI акрэсліў Сусветныя дні моладзі, якія прайшлі 16-21 жніўня ў Мадрыдзе.
Пантыфік падзякаваў Богу за каштоўны дар маладых людзей з моцным жаданнем укараніць сваё жыццё ў Хрысце, заставацца моцнымі ў веры і ісці разам з Касцёлам. Папа падзякаваў таксама тым, хто займаўся арганізацыяй гэтага форума: кардыналу арцыбіскупу Мадрыда, яго дапаможнікам, іншым іспанскім біскупам, а таксама іерархам з іншых краін свету, Папскай радзе па справах свецкіх, святарам, законнікам і законніцам, свецкім вернікам. Асаблівую падзяку Святы Айцец выказаў іспанскім уладам, інстытутам і асацыяцыям, валанцёрам і усім тым, хто падтрымліваў мерапрыемства малітвай. “Я не магу забыць аб той адкрытасці з якой мяне прынялі прадстаўнікі каралеўскай сям’і, а таксама ўся краіна”, сказаў Папа.

“У некалькіх словах канешне, я не магу апісаць усе цудоўныя і напоўненыя падзеямі моманты, якія мы перажылі. Я да гэтага часу знаходжуся пад уражаннем ад таго, як мяне прыняла моладзь, у першы дзень на плошчы Сібэлес, ад іх слоў, моцнага жадання імкнуцца да глыбокай праўды і ўкараніцца ў ёй. Такой праўдзе з якой Бог нас пазнаёміў праз Хрыста. У велічным манастыры Эскарыяль, багатым гісторыяй, духоўнасцю і культурай, я сустрэў маладых законнікаў і універсітэтскіх выкладчыкаў. Перш за ўсё я нагадаў ім аб прыгажосці іх паклікання, якое варта пражыць з вернасцю, аб важнасці іх апостальскага служэння і іх прароцкага сведчання”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што падчас сустрэчы з маладымі універсітэтскімі выкладчыкамі ён заклікаў іх быць сапраўднымі выхавацелямі новых пакаленняў, весці моладзь да пошуку праўды праз словы, жыццё, сведчанне таго, што праўда і Хрыстус гэта тое самае.

“Вечарам, падчас набажэнства Крыжовага шляху, вялікая колькасць моладзі з увагай разважала над сцэнамі пакутаў і смерці Хрыста: крыж Хрыста дае нашмат больш за тое чаго патрабуе, ён дае ўсё, бо вядзе да Бога”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа ўзгадаў аб сустрэчы з семінарыстамі, маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, аб малітоўнай вігіліі на тэрыторыі аэрапорта “Cuatro ventos”, аб сустрэчы з валанцёрамі, а таксама аб развітальнай цэрымоніі.

“Дарагія сябры, сустрэча ў Мадрыдзе была цудоўным сведчаннем веры для Іспаніі і ўсяго свету. Для шматлікіх маладых людзей, з розных куткоў зямлі, форум стал асаблівай магчымасцю, каб разам паразважаць, паразмаўляць, абмяняцца пазітыўным вопытам, і перш за ўсё, маліцца разам і абнавіць свае сілы, каб укараніць сваё жыццё ў Хрысце, верным сярбу. Я упэўнены што вы вярнуліся ў свае дамы з моцнай упэўненасцю быць зачынам для вашых асяродкаў, з жаданнем быць носьбітамі надзеі, якая нараджаецца з веры. З майго боку я буду працягваць падтрымліваць вас малітвай, каб вы заставаліся заўсёды вернымі узятым на сябе абавязкам”, - сказаў Святы Айцец.

Папа абвясціў таксама тэму наступных Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2013 г. у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра: “Ідзіце і навучайце ўсе народы!”, а таксама дэвіз дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія пройдуць у наступным годзе: “Заўсёды радуйцеся ў Пану!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.