Германія: біскупы і моладзь задаволены вынікамі Сусветных дзён моладзі
Канферэнцыя біскупаў
Германіі і Аб’яднанне каталіцкай моладзі гэтай краіны вельмі задаволены вынікамі Сусветных
дзён моладзі. “Маладыя людзі праявілі вялікую цікавасць да пытанняў веры і адносінаў
з Богам”, - сказаў біскуп Бернхарн Хасльбергер, адказны за душпастрыства моладзі ў
нямецкім епіскапаце.
“Маладыя людзі хочуць жыць у справядлівым свеце, а праз
гэту сустрэчу яны ўмацавалі сваю салідарнасць”, - адзначае іерарх. Паводле яго слоў,
моладзь вельмі цэніць і паважае папу Бэнэдыкта XVI. “Іх уражвае перш за ўсё яго сапраўднасць
і сціпласць”, - сказаў біскуп Хасльбергер.
“Гэта было сапраўднае свята веры,
якое дасць моладзі сілы сведчыць аб ёй ў школах і ў сяброўскіх асяродках”, - адзначыў
душпастыр нямецкага Аб’яднання каталіцкай моладзі, кс. Сымон Рап. Ён падкрэсліў, што
маладыя людзі змаглі адчуць сябе членамі вялікай “глабальнай вёскі”. На думку Маркуса
Этшайд-Штама, каардынатара душпастырства моладзі пры нямецкім епіскапаце, форум паказаў,
што моладзь цікавіцца рэлігіяй.
“Невыпадкова ў цэнтры сустрэчы была малітва
і адносіны з Богам, а таксама шмат зваротаў да палітычных і грамадскіх праблем. Напрыклад
падчас Крыжовага шляху звярталася ўвага на тое, што сённяшні свет патрабуе хрысціянства
для іх вырашэння. І Папа казаў, што маладыя людзі, узмоцненыя верай павінны удзельнічаць
у справах на карысць міра і справядлівасці ў свеце”, - адзначыў Дірк Танцлер, адзін
з кіраўнікоў Аб’яднання каталіцкай моладзі Германіі.