2011-08-19 12:55:25

Бэнэдыкт XVI: укаранёныя ў Хрысце, дадзім крылы нашай свабодзе! (поўны тэкст)


RealAudioMP3 18 жніўня адбылася ўрачыстая цэрымонія прывітання Бэнэдыкта XVI удзельнікамі Сусветных дзён моладзі. Святы Айцец сімвалічна увайшоў у Мадрыд прайшоўшы пад гарадской брамай “Пуэрта дэ Алкала”. Затым Пантыфік накіраваўся на плошчу Сібэлес дзе, яго чакала вялікая колькасць моладзі. Ад імя пілігрымаў Папу прывітаў арцыбіскуп Мадрыда кардынал Руоко Варэла, а затым некаторыя маладыя людзі з розных краін свету. Пасля прачытання фрагмента Евангелля паводле св. Мацвея, аб доме пабудаваным на скале, Папа звярнуўся да прысутных з прамовай. Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Бэнэдыкта XVI.

Дарагія сябры,

дзякую вам за цёплыя словы, якія да мяне скіравалі прадстаўнікі пяці кантынентаў. Вітаю ўсіх тут прысутных – моладзь з Акеаніі, Афрыкі, Амерыкі, Азіі і Еўропы; а таксама тых, хто не змог прыехаць сюды. Я заўсёды з вамі і малюся за вас. Бог даў мне ласку бачыць і чуць вас так блізка, і разам з вамі слухаць Божае слова.

Мы пачулі фрагмент Евангелля у якім гучыць заклік прыняць словы Езуса і рэалізаваць іх у сваім жыцці. Існуюць словы, якія патрэбны толькі для забавы і, што мінаюць як вецер; іншыя словы выхоўваюць наш розум; аднак словы Езуса павінны дайсці да сэрца, укараніцца ў ім і застацца ў ім на ўсё жыццё. Без гэтага, яны застануцца пустымі і эфімернымі. Яны не наблізяць нас да Яго, і такім чынам, Хрыстус будзе заставацца далёка, як голас сярод многіх іншых галасоў, якія нас акружаюць і да якіх мы прызвычаіліся. Настаўнік кажа і навучае не аб тым, што пачуў ад іншых, але аб тым чым сам з’яўляецца – адзіным, хто ведае сапраўдны шлях чалавека да Бога. Ён сам гэты шлях стварыў і адкрыў нам, каб мы маглі дасягнуць сапраўднага жыцця, якога нават смерць не зможа знішчыць. Евангелле тлумачыць гэтыя рэчы на прыкладзе чалавека, які будуе свой дом на скале, што захавае ад любога няшчасця, і таго хто будуе дом на пяску, але, які рушыцца пры першым парыве ветру.

Дарагая моладзь, слухайце словы Пана, каб яны сталі ў вас “духам і жыццём”, карэннем, што насычае вашае існаванне, крытэрыямі, якія набліжаюць да асобы Хрыста: беднасцю духа, прагай справядлівасці, міласэрнасці, чысцінёй сэрца, і любоўю да міра. Слухайце словы Пана кожны дзень, як слухаюць словы Сябра, які ніколі не падмане і з якім хочам падзяліць свой жыццёвы шлях. Ведайце, што калі ідзеш за святлом Хрыста, ніколі не збочыш на іншыя дарогі, такія як дарогі нашых сляпых і эгаістычных імпульсаў, якія прывабліваюць, але застаўляюць пустату ўнутры нас.

Выкарыстоўвайце гэтыя дні, каб лепш пазнаёміцца з Хрыстом і мець упэўненасць, што будучы укаранённымі ў Ім, ваш энтузіазм і ваша радасць, вашы жаданні дайсці так высока, каб дасягнуць аж да самаго Бога, будуць заўсёды мець будучыню. Дазвольце вашаму жыццю развівацца з Божай ласкай, шчыра і без пасрэднасці, сур’ёзна думаючы аб святасці. І перад абліччам нашых слабасцяў, памятайце аб міласэрнасці Пана, які заўсёды гатовы працягнуць да нас руку і прабачыць праз сакрамэнт споведзі.

Будуючы на скале, не толькі ваша жыццё будзе стабільным, але таксама святло Хрыста пральецца на вашых блізкіх і ўсё чалавецтва, паказваючы альтэрнатыву многім людзям, якія згубіліся на жыццёвым шляху, з прычыны таго, што іх фундамент быў негрунтоўным. Вы пакажаце альтэрнатыву тым людзям, якія імкнуцца за тэндэнцыямі моды і абмяжоўваюцца павярхоўнымі рэчамі, забываюцца аб сапраўднай справядлівасці і не шукаюць праўду.

Так, існуе шмат людзей, якія веруючы ў розных бажкоў, думаюць, што не маюць патрэбу ў каранях, у фундаменце, якім з’яўляюцца не яны самі. Жадаюць вырашаць самастойна дзе праўда, а дзе не, дзе дабро, а дзе зло, дзе справядлівасць, а дзе несправядлівасць; жадаюць вырашаць, хто годны жыцця, а каго можна прынесці на алтар іншых перспектываў; якія робяць крок за крокам не ведаючы маршрута і кіруючыся толькі ўласнымі часовымі імпульсамі. Такія спакусы заўсёды прысутныя. Важна ведаць аб іх, бо ў рэальнасці, яны вядуць да існавання без гарызонтаў, да свабоды без Бога. Мы, аднак, добра ведаем, што былі створаны свабоднымі, на падабенства Бога, бо з’яўляемся тымі, хто шукае праўду і дабро, адказваем за нашы дзеі, крэатыўна клапоцімся аб усім створаным. Бог хоча, каб мы былі Яго адказнымі слухачамі, здольнымі на дыялог і любоў да Яго. Праз Хрыста мы можам па-сапраўднаму быць імі, і укаранёныя ў Ім, даць крылы нашай свабодзе. Ці не гэта галоўная прычына нашай радасці? Ці не гэта тая добрая глеба, на якой варта будаваць цывілізацыю любові і жыцця, у якой кожны чалавек можа стаць больш чалавечым?

Дарагія сябры: будзьце ўважлівымі і мудрымі, будуйце ваша жыццё на добрым фундаменце, якім з’яўляецца Хрыстус. Гэта мудрасць і ўвага няхай кіруе вашымі крокамі, і няхай нічога вас не страшыць і няхай у вашых сэрцах трывае супакой. Тады будзеце благаслаўлёнымі, шчаслівымі, і зможаце перадаць вашу радасць іншым. Калі спытаюцца у чым сакрэт вашага жыцця, тады даведаюцца, што фундамент на якім яно трымаецца гэта сам Хрыстус, ваш сябра, брат і Пан, Божы Сын, які стаў чалавекам і дае сэнс усяму Сусвету. Ён памёр за нас і уваскрос, каб і мы мелі жыццё, і сёння, працягвае быць жывым і блізкім усім людзям, назіраючы з любоўю за кожным з нас.

Давяраю плёны гэтых Сусветных дзён моладзі Найсвяцейшай Панне Марыі, якая сказала “так” волі Бога, і навучае нас, як ніхто іншы вернасці яе Сыну, за якім ішла аж да Яго смерці на крыжы. Над гэтым мы паразважаем больш глыбока падчас Крыжовага шляху. Молімся, каб і наша “так” сказанае сёння Хрысту было нашым “так” Яго сяброўству, якое застанецца на ўсё наша жыццё. Дзякуй.








All the contents on this site are copyrighted ©.