2011-08-18 15:30:56

Святы Айцец адказаў на пытанні журналістаў на борце самалёта


RealAudioMP3 Падчас сённяшняга пералёта з Рыма ў Мадрыд, папа Бэнэдыкт XVI адказаў на некаторыя пытанні журналістаў прысутных у самалёце. Святога Айца суправаджалі 56 журналістаў з розных краін. У самім Мадрыдзе будзе працаваць яшчэ каля 5 тыс. журналістаў, што з’яўляецца рэкордам для міжнародных падзей.

Адказваючы на пытанне пра значэнне Сусветных дзён моладзі ў пастырскай перспектыве, Папа адзначыў, што гэта мерапрыемства дае магчымасць убачыць вялікую веру людзей і прысутнасць Бога ў свеце, яно служыць для ўмацавання вернікаў. “Часта яны адчуваюць сябе ізаляванымі ў гэтым свеце і амаль згубленымі. Аднак тут яны бачаць, што не адны, што існуе сапраўдная вялікая сетка вернікаў, вялікая супольнасць, якая ахоплівае ўвесь свет і што жыць гэтай паўсюднасцю веры цудоўна”, - адзначыў Пантыфік. Святы Айцец сказаў, што падчас Сусветных дзён моладзі нараджаюцца шматлікія сяброўствы, якія сягаюць па-за існуючыя межы і розніцы культур. “Гэта нараджэнне паўсюднай сеткі сяброўства, якая злучае свет і Бога, вельмі важна для будучыні чалавецтва і для яго цяпершняга жыцця”. На думку Пантыфіка падчас Сусветных дзён моладзі шмат людзей знаёмяцца з навучаннем Касцёла і ў будучыні гэта прынясе добрыя плёны.

Адказваючы на пытанне аб тым, што можа даць Касцёл моладзі, перад абліччам сучасных глабальных праблем, Папа звярнуў увагу на каталіцкае сацыяльнае навучанне, якое кажа, што прычынай сусветнага крызісу з’яўляюцца не толькі эканамічныя праблемы, але этычныя. “Касцёл прапануе ўбачыць рэчы не толькі з матэрыяльнага боку, але і з чалавечага, і рэлігійнага, а таксама заклікае да адказнасці не толькі за сябе, але і за свой народ, за увесь свет і за яго будучыню”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.