Бэнэдыкт XVI: моладзь ведае, што без Хрыста цяжка быць па-сапраўднаму шчаслівым
18 жніўня пачаўся
чатырохдзённы візіт папы Бэнэдыкта XVI у Мадрыд, у рамках Сусветных дзён моладзі,
якія праходзяць у іспанскай сталіцы. Каля 12.00 самалёт Пантыфіка прызямліўся ў аэрапорце
“Баярас”, дзе яго сустракалі прадстаўнікі каралёўскай сям’і, кардыналы, біскупы, святары,
прадстаўнікі уладаў Іспаніі, а таксама шматлікія вернікі.
У сваёй прамове Бэнэдыкт
XVI прывітаў усіх прысутных і ўзгадаў аб сваім нядаўнім візіце ў Санцьяга Дэ Кампастэла
і Барселону. Папа падзякаваў за гасціннасць з якой сем’і, парафіі, калегіўмы і іншыя
ўстановы прынялі шматлікіх удзельнікаў Сусветных дзён моладзі.
“Я тут, каб
сустрэцца з тысячамі маладых людзей з усяго свету, католікамі, тымі, хто цікавіцца
Хрыстом ці шукае праўду, якая дае сапраўдны сэнс нашаму існаванню”, - акрэсліў мэту
свайго візіта Папа. “Чаму такая вялікая колькасць моладзі прыехала ў Мадрыд? - спытаў
Святы Айцец - Адказ на гэтае пытанне павінна даць сама моладзь, аднак можна здагадвацца,
што маладыя людзі жадаюць слухаць Божае Слова, як гаворыцца ў дэвізе Сусветных дзён
моладзі, жадаюць быць укаранёнымі і збудаванымі ў Хрысце, і сведчыць аб моцы сваёй
веры”.
Папа адзначыў, што сучасная моладзь бачыць павярхоўнасць, спажывецкі
характар сучаснай культуры, геданізм, баналізацыю сексуальных адносін, карупцыю і
адначасова недахоп салідарнасці. “Маладыя людзі ведаюць, што без Бога будзе вельмі
цяжка адказаць на гэтыя выклікі і быць па-сапраўднымі шчаслівымі”, - сказаў Святы
Айцец. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу таксама на тое, што Сусветныя дні моладзі, з’яўляюцца
добрай магчымасцю для ўзаемнага абмену думкамі, багаццем культур і вопытам, а таксама
даюць магчымасць “чэрпаць натхненне абзін ад аднаго на шляху веры і жыцця”.
Папа
адзначыў, што сёння ў свеце існуюць шматлікія цяжкасці: войны, несправядлівасць, экалагічныя
праблемы, беспрацоўе, наркаманія, пераслед за веру. У гэты момант “вельмі важна дапамагчы
маладым вучням Хрыста заставацца моцнымі ў веры і прыняць цудоўнае пакліканне абвяшчаць
яе і сведчыць аб ёй у свам жыцці”, праз любоў да бліжняга, “не хаваючы уласнай хрысціянскай
ідэнтычнасці”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.