2011-08-18 13:39:07

Арганізатары СДМ 2011: “Мы асуджаем любыя віды насілля”


RealAudioMP3 Арганізатары Сусветных дзён моладзі выказалі ўдзячнасць і падтрымку іспанскай паліцыі, якая затрымала мексіканскага студэнта па абвінавачванні ў арганізацыі нападу на пратэстуючых супраць візіту Папы ў Іспанію. “Мы асуджаем любыя віды насілля. Гэты чалавек быў валанцёрам Сусветных дзён моладзі, але ўжо ім не з’яўляецца”, - сказаў прэс-сакратар форуму Рафа Рубіё. “Паліцыя дзейнічала належным чынам і ў адпаведнасці з тым, што яны павінны былі зрабіць. Гэты чалавек больш не працуе ў рамках Сусветных дзён моладзі”, - дадаў ён.

Прадстаўнік паліцыі пацвердзіў, што 17 жніўня быў арыштаваны неназваны малады чалавек, і што ён з'яўляецца студэнтам, які спецыялізуецца ў галіне арганічнай хіміі. Аднак, было падкрэслена, што ніякіх хімічных рэчываў у затрыманага не было выяўлена.

“El Pais” паведаміла, што паліцэйскія былі папярэджаны аб радыкальнасці каментароў мексіканскага студэнта на інтэрнэт-форумах у дачыненні да крытыкаў папы Бэнэдыкта XVI. Навіна аб арышце з'явілася ўсяго за некалькі гадзін да дэманстрацый супраць візіту Святога Айца ў Мадрыд.

Арганізатары форуму паведамляюць аб “нулявых коштах візіту для падаткаплацельшчыкаў”, і, наадварот, аб мільённых уплывах у эканоміку краіны, дзякуючы больш за мільёну ўдзельнікаў мерапрыемства.

Іспанія ў цяперашні час ахоплена эканамічным крызісам, які прывёў да самага высокага ўзроўню беспрацоўя сярод прамыслова развітых краін.







All the contents on this site are copyrighted ©.