2011-08-17 12:55:33

СДМ 2011 у лічбах: 7 тон ружанцаў, 200 канфесіяналаў, 8 млн. порцый ежы


RealAudioMP3 7 тон раздадзеных ружанцаў, 10 млн. метраў тканіны на літургічную бялізну і вопратку, 200 канфесіяналаў у “форме ветразя” – гэта частка лічбаў, якія хаваюцца за Сусветнымі днямі моладзі 2011 года ў Мадрыдзе. 7 тон ружанцаў для пілігрымаў былі зроблены на фабрыцы ў Эквадоры, дзе над гэтым працавалі 150 сем'яў. 200 футурыстычных канфесіяналаў у форме маленькіх ветразяў, будуць выкарыстаны падчас “Дня адкуплення” у суботу ў “Parque del Retiro”. Вось яшчэ некаторыя лічбы вялікай падзеі сусветнага Касцёла:

100 млн. еўра, паводле ацэнак арганізатараў, прынясе моладзевы форум у хворую эканоміку Іспаніі. Для падаткаплацельшчыкаў сустрэча не будзе каштаваць ні цэнта. 1 млн. чалавек чакаецца на заключнай св. Імшы з папам Бэнэдыктам XVI на тэрыторыі аэрапорта “Cuatro Vientos”. Плошча аэрапорта параўнальна з плошчай 48 футбольных стадыёнаў.

30 тыс. маладых людзей служаць у якасці валанцёраў на Сусветных днях моладзі. 2 тыс. юнакоў з бедных краін апынуліся на форуме дзякуючы ўкладу Фонда салідарнасці ў Мадрыдзе. 12 маладых асоб будуць вячэраць з Папам. Іншыя ўдзельнікі атрымаюць на працягу сустрэчы 8 млн. снеданняў, абедаў і вячэр.

700 тыс. асобнікаў новага моладзевага катэхізіса “YouCat”, выдадзенага аўстрыйскай біскупскай канферэнцыяй, будуць размеркаваны ў рамках Сусветных дзён моладзі.

14 тыс. святароў і 800 біскупаў з усяго свету прыехалі ў Мадрыд. У агульнай складанасці 79 гадзін правядзе Святы Айцец у іспанскай сталіцы. “Папамабіль” з Пантыфікам праедзе за 4 дні візіту 24 масты.

Ужо ў другі раз міжнародная каталіцкая моладзевая сустрэча адбываецца ў Іспаніі, у 1989 г. такі форум праходзіў у Санцьяга дэ Кампастэла.







All the contents on this site are copyrighted ©.