2011-08-17 12:21:08

СДМ 2011: амерыканскі сцяг – сведак тэрактаў 11 верасня


RealAudioMP3 Амерыканскі сцяг, які з'яўляўся на кожных Сусветных днях моладзі за апошняе дзесяцігоддзе ў памяць аб ахвярах 11 верасня, прыбыў у Мадрыд. Сцяг першапачаткова належаў да сям’і адной маладой каталіцкай жанчыны з Брукліна, якая была забіта ў 2001 г. падчас тэракту ў Сусветным гандлёвым цэнтры. “Гэты сцяг быў дадзены нам сям'ёй Сьюзан Джэраці”, - паведаміў кс. Джэрард Зауэр, капелян моладзі Бруклінскай дыяцэзіі на Сусветных днях моладзі. “Яна была маёй парафіянкай і я пахаваў яе”. Такім чынам, мы “узгадваем яе, і ўсіх, хто загінуў 11 верасня” - дадаў святар.

Гэта чацвёрты моладзевы форум, на якім апынуўся сімвалічны сцяг. Упершыню ён быў прывезены ў канадскі Таронта ў 2002 г., затым у нямецкі Кёльн у 2005 г. і зусім нядаўна ў аўстралійскі Сіднэй у 2008 г.

“Гэта вельмі шмат значыць для мяне, што я быў выбраны сёння ў якасці сцяганосца”, - сказаў 17-гадовы Эндру Патрык з парафіі св. Патрыка ў Брукліне. “Я ганаруся сваёй краінай, ганаруся тым, што я сёння тут”.

17-гадовы Крыстафер Дэ Скьёра сказаў, што прысутнасць сцяга на сусветнай моладзевай сустрэчы вельмі шмат значыць для яго. “Я ведаю шмат сяброў, якія страцілі сваякоў 11 верасня. Я проста ганаруся тым, што амерыканцы гатовыя абараняць тое, у што яны вераць”.

“Я быў толькі ў чацвёртым класе, калі гэта здарылася, але дата 11 верасня сапраўды змяніла наш погляд на свет. Таму, мы ніколі не павінны забывацца аб ёй”, - сказаў 19-гадовы Мэцью Фрыз з Брукліна.

У наступным месяцы спаўняецца 10 гадоў серыі тэрактаў у ЗША, якія на працягу аднаго дня забралі жыцці больш за 3 тыс. чалавек. “Гэты сцяг уяўляе наш горад, нашу дзяржаву, нашу краіну і падзею, якую адчуў увесь свет”, - сказаў кс. Заўэр.







All the contents on this site are copyrighted ©.