2011-08-17 13:29:45

Бэнэдыкт XVI: для духоўнага росту неабходна прысвячаць час Богу


RealAudioMP3 Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на плошчы перад Апостальскім Палацам у Кастэль Гандольфа, Бэнэдыкт XVI прамовіў да вернікаў катэхезу, якая была прысвечана “малітве розумам” ці медытацыі, цудоўны прыклад якой дала Найсвяцейшая Панна Марыя.

Папа адзначыў, што ўрачыстасць Унебаўзяцця, якую Касцёл святкаваў некалькі дзён таму, з’яўляецца святам надзеі. “Марыя патрапіла на Неба, і гэта таксама з’яўляецца нашым прызначэннем: мы ўсе туды можам там апынуцца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік адзначыў, што праз веру, давер да Пана, лучнасць з Яго воляй, можна ісці дакладным шляхам да Неба.

“Часта мы бачым толькі негатыўныя рэчы; але варта яшчэ заўсёды памятаць аб пазітыўным, аб дарах, якія мы атрымалі ад Бога. Трэба быць уважлівымі да станоўчых знакаў, якія паходзяць ад Бога. Таму, зараз мы паразмаўляем аб такім тыпе хрысціянскай малітвы, які называецца “малітва розумам”. Мы звычайна знаёмы з малітвай словамі, у якой, канешне, таксама павінны прысутнічаць розум і сэрца; аднак зараз размова ідзе аб медытацыі, падчас якой не прамаўляюцца словы, але наш розум уступае ў кантакт з сэрцам Бога”.

Святы Айцец адзначыў, што Маці Божая з’яўляецца прыкладам такой малітвы. “Евангеліст Лука, некалькі разоў паўтарае, што Марыя “захоўвала ўсе гэтыя рэчы, разважаючы іх у сэрцы. Марыя паверыла у словы Анёла скіраваныя да яе, разважала над імі , каб прыняць Божую волю ў сваім жыцці і адказаць на яе”, -сказаў Папа.

“Таямніца ўцелаўлення Божага Сына і мацярынства Марыі было не толькі фізічнай справай учыненай Богам, але таксама плёнам унутранага разважання Марыі, якая імкнулася зразумець сэнс гэтага. І так дзень за днём, у цішыні штодзённага жыцця, Марыя працягвала захоўваць у сваім сэрцы ўсе наступныя падзеі, сведкай якіх стала, аж да выпрабавання Крыжом і хвалы Уваскрасення. Марыя ўпоўні жыла сваёй сутнасцю, сваімі штодзённымі абавязкамі, сваёй місіяй, і была здольнай трымаць унутры сябе прастору для разважання над словам і воляй Бога, адносна сябе і таямніцы жыцця яе Сына”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў цяперашні час кожны з нас мае шмат заняткаў, абавязкаў, турбот і праблем, якія часта займаюць амаль увесь дзень, не пакідаючы нам часу, каб спыніцца, паразважаць і заняцца сваім духоўным жыццём, кантактам з Богам. Менавіта “прыклад Марыі вучыць нас, што паміж штодзённымі абавязкамі неабходна знайсці час, каб паразважаць над тым, чаму Пан нас хоча навучыць, аб Яго прысутнасці і дзейнасці ў свеце і нашым жыцці”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што св. Аўгустын, параўноўваў медытацыю з харчаваннем, са спажываннем ежы неабходнай для жыцця. “Медытаваць – азначае ствараць у сабе прастору ўнутранай цішыні неабходную для разважання над таямніцамі нашай веры і тым што Бог чыніць у нас”, - сказаў Святы Айцец.

“Гэта можна рабіць розным чынам, напрыклад чытаючы кароткі ўрывак са Святога Пісання, асабліва з Евангелля, Дзеяў Апосталаў ці з Пасланняў. Або чытаючы кнігі аўтараў духоўнай літаратуры, якія дапамагаюць вам лепш адчуваць рэальнасць прысутнасці Бога ў нашы дні; таксама можна паразмаўляць са сваім спаведніком ці духоўным кіраўніком; чытаць і разважаць аб тым, што прачытаеце, спрабуючы зразумець што гаворыцца да нас, што Пан хоча сказаць і чаму навучыць нас. Таксама і ружанец, гэта малітва медытацыі: паўтараючы словы малітвы “Вітай Марыя” мы пакліканы разважаць над Таямніцамі, якія абвяшчаем”.

Святы Айцец, адзначыў, што фундаментальнай рэччу для духоўнага росту, з’яўляецца здольнасць прызначаць час на сустрэчу з Богам. “У гэты момант сам Бог скажа аб тым, чаго Ён чакае ад нас. Менавіта гэта з’яўляецца мэтай медытацыі – з любоўю даверыцца ў рукі Бога, ведаючы, што толькі спаўняючы яго волю мы станем па-сапраўднаму шчаслівымі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пасля катэхезы Святы Айцец нагадаў, што заўтра ён ляціць у Мадрыд, каб сустрэцца з маладымі вернікамі, якія ўдзельнічаюць у Сусветных днях моладзі. Папа заклікаў сабраных у двары летняй рэзідэнцыі духоўна яднацца з гэтай вялікай падзеяй.







All the contents on this site are copyrighted ©.