2011-08-15 15:21:24

Рэканструкцыя плошчы св. Пятра за 30 месяцаў


RealAudioMP3 У Ватыкане працягваюцца аднаўленчыя працы на плошчы св. Пятра. Рэстаўрацыйны праект разлічаны на 30 месяцаў, паведамляе “L'OsservatoreRomano”. “Вярнуць плошчы прыгажосць XVII стагоддзя”, - такую мэту паставілі перад сабой рэстаўратары. Запланаваныя працы ўжо пачаліся ў левай частцы плошчы па абодвум бакам каланады.

Рэстаўратары хочуць аднавіць не толькі колер калон і статуй, але і ўвесь цэласны ансамбль плошчы, якой яна была ў XVII ст., адзначыў Пьер Карла Кушыанна, дырэктар тэхнічных служб Дзяржавы Ватыкан.

Абсалютна ўсё на плошчы памерам 35,3 тыс. кв. м. павінна быць абноўлена і адноўлена: 376 калон, 144 статуі святых, 1,2 тыс. метраў балконаў і карнізаў, два фантаны, збудаваны ў 1586 г. папам Сікстам V егіпецкі абеліск у цэнтры плошчы, а таксама ліхтары вакол яго.

Плошча св. Пятра – гэта грандыёзная плошча ў выглядзе двух сіметрычных паўкругоў, зробленая перад базылікай св. Пятра ў Рыме па праекце Берніні ў 1656-67 г.г. Тут адбываюцца агульныя аўдыенцыі, набажэнствы і св. Імшы з ўдзелам Пантыфіка. Егіпецкі абеліск, які стаіць у цэнтры плошчы, быў прывезены ў Рым імператарам Калігулай. Гэта адзіны абеліск у горадзе, які прастаяў ў нязменным выглядзе аж да эпохі Адраджэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.