2011-08-15 15:37:16

Англія: прычына беспарадкаў у Лондане – крызіс духоўнасці


RealAudioMP3 Лідэр англіканскай супольнасці архіепіскап Кентэрберыйскі Роуэн Уільямс назваў сярод прычын нядаўніх беспарадкаў у Лондане і іншых гарадах Вялікабрытаніі крызіс духоўнасці, грамадзянскай самасвядомасці і адказнасці, а таксама цынізм і адчужэнне ў грамадстве.

Роуэн Уільямс асудзіў правакатараў і ўдзельнікаў беспарадкаў. Лідэр англікан дадаў, што ў вандалізме не было нічога рамантычнага, што магло б апраўдаць такія паводзіны. “Гэта былі крымінальныя акты”, - заявіў архіепіскап Кентэрберыйскі.

На думку кіраўніка Англіканскай Царквы, брытанскае грамадства павінна сур'ёзна задумацца над сваім цяперашнім станам. Уільямс заявіў, што тое, што здарылася з'яўляецца негатыўным наступствам крызісу адукацыйнай сістэмы, які працягваецца ўжо каля 20 гадоў. Арцыбіскуп назваў сістэму брытанскага адукацыі “інструментальнай”, паколькі, на яго думку, яна не накіравана на выхаванне чалавека, фарміраванне яго характару і перадачу каштоўнасцяў грамадства. “Калі мы хочам гэта змяніць, то варта сфакусіравацца не толькі на самім выкладанні дысцыпліны, а на канкрэтных нормах паводзінаў, якія мы хочам перадаць моладзі”, - сказаў архіепіскап Кентэрберыйскі.

Беспарадкі, якія пачаліся на поўначы Лондана 6 жніўні, а потым на працягу некалькіх дзён перакінуліся на іншыя ангельскія гарады, выклікалі шмат пытанняў аб здольнасці паліцыі рэагаваць адэкватна на падобныя праявы агрэсіі. Падставай да хваляванняў паслужыла забойства паліцэйскім падчас праверкі аўтамабіля падазраванага ў сувязях з крымінальным светам жыхара раёна Тотэнхэм, 29-гадовага чарнаскурага Марка Даггана. Арганізаваны мясцовымі жыхарамі мітынг ля паліцэйскага ўчастка неўзабаве перарос у некантраляваныя беспарадкі, рабаванні і марадзёрства ва ўсім Лондане і іншых гарадах.

Лідэры розных рэлігійных супольнасцяў Лондана выступілі з заклікам да прымірэння ў сувязі з беспарадкамі. У Тотэнхэме былі праведзены “малітоўныя чування надзеі”, арганізаваныя святарамі і вернікамі розных канфесій і рэлігій: каталіцкай, англіканскай, метадысцкай, мусульманскай і яўрэйскай.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса, арцыбіскуп Вестмінстэрскі Вінцэнт Нікалс заўважыў, што беспарадкі “з'яўляюцца знакам непавагі да грамадскіх выгод і паказваюць, наколькі проста занядбаць асноўныя прынцыпы павагі і прыстойнасці”.

Рэлігійныя супольнасці імкнуцца аказаць дапамогу ўсім, хто пацярпеў падчас беспарадкаў або панёс матэрыяльны ўрон, раздаюць ежу, ваду і іншыя прадметы першай неабходнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.