СДМ у Мадрыдзе: Ватыкан як “шарнір паміж удзельнікамі”
“Нават калі Сусветныя
дні моладзі арганізуюцца ў большай ступені Ватыканам, іспанцы могуць унесці ў яго
ўласныя ідэі”, - сказаў арцыбіскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах
свецкіх, нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “KNA”. Іерарх з боку Апостальскай
Сталіцы з’яўляецца галоўным арганізатарам Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 16-21
жніўня ў Мадрыдзе. “Рымскі бок дае базавую мадэль. Мы з’яўляемся як бы шарнірам паміж
удзельнікамі з усяго свету і мясцовым Касцёлам”, - сказаў арцыбіскуп.
“Іспанцы
растаўляюць акцэнты падчас асноўных пунктаў праграмы, такіх як адкрыццё выстаў, цырымоніі
сустрэчы Папы, катэхез, начнога чування ў суботу вечарам і Крыжовага Шляху”, - паведаміў
ватыканскі іерарх.
Гісторыя Касцёла ў Іспаніі стане адным з самых галоўных
акцэнтаў Сусветных дзён моладзі. Паводле арцыбіскупа Клеменса, глыбокія карані веры
ў Іспаніі, шматлікія святыя, велічныя саборы і творы рэлігійнага мастацтва, для многіх
маладых людзей стануць магчымасцю сканцэнтравацца на сваіх адносінах з Богам.
Іерарх
прызнаў, што ў Іспаніі існуе з аднаго боку вялікая група вельмі актыўных вернікаў,
а з іншага, ёсць таксама людзі з “больш стрыманым стаўленнем да веры і Касцёла”. У
параўнанні з мінулымі Сусветнымі днямі моладзі ў Сіднэі ў 2008 г., Каталіцкі Касцёл
у Мадрыдзе з’яўляецца, на думку ватыканскага іерарха, нашмат больш аўтарытэтнай арганізацыяй.
“Існуе вялікая колькасць парафій, а таксама ў адукацыйнай і сацыяльнай сферах Касцёл
вельмі актыўны”, - адзначыў арцыбіскуп Клеменс.