2011-08-13 13:08:41

Кс. Ламбардзі: Папа з нецярпеннем чакае візіту ў Мадрыд


RealAudioMP3 Папа Бэнэдыкт XVI жадае споўніць спадзяванні вялікай колькасці маладых людзей, якія збяруцца ў Мадрыдзе і з нецярпеннем чакае “цудоўныя духоўныя” моманты сустрэчы, якая будзе адбывацца на працягу чатырохдзённага міжнароднага форуму. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі на прэс-канферэнцыі 12 жніўня.

“Гэта будзе вельмі адказнае падарожжа для Святога Айца, насычаны чатырохдзённы візіт. Але ён ведае, з вопыту папярэдніх Сусветных дзён моладзі ў Кёльне і Сіднэі, што гэта вялікае свята з вялікім энтузіязмам, таму Папа хоча заахвоціць маладых людзей быць сведкамі веры і падбадзёрыць іх, каб жылі надзеяй і любоўю”.

Пантыфік прыбудзе ў Мадрыд у чацвер, 18 жніўня, увечары. Ён узначаліць дзевяць мерапрыемстваў на працягу наступных чатырох дзён, у тым ліку заключную св. Імшу у нядзелю раніцай у аэрапорце “Cuatro Vientos”. Кс. Ламбардзі паведаміў, што на ёй збяруцца больш за 800 біскупаў, пятая частка каталіцкага епіскапата свету. Паводле кіраўніка Залі Друку, “нядзельная Эўхарыстыя з'яўляецца самым важным момантам візіту Папы, але ён таксама з нецярпеннем чакае іншых вельмі важных момантаў, якія будуць мець цудоўны духоўны выраз”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Ён паведаміў, што Святы Айцец упершыню правядзе ўвесь Крыжовы Шлях па вуліцах Мадрыду. Звычайна Папа толькі пачынаў яго. Бэнэдыкт XVI, паводле слоў кс. Ламбардзі, з нецярпеннем чакае сустрэчы з некалькімі маладымі людзьмі падчас сакрамэнту пакаяння.
“Таксама св. Імша з семінарыстамі ў суботу будзе выдатным напамінам аб святарскай духоўнасці ў 60 гадавіну святарскага пасвячэння Папы”, - адзначыў кіраўнік ватыканскага прэс-цэнтра.

Кс. Ламбардзі паведаміў таксама, што папа Ян Павел II будзе значнай фігурай падчас Сусветных дзён моладзі. Нядаўна беатыфікаваны Пантыфік быў прызнаны адным з апекуноў форуму. Ён пацвердзіў, што першая св. Імша для пілігрымаў у аўторак увечары будзе “Імшой благаслаўлёнага папы Яна Паўла II”.

Было пацверджана, што Святы Айцец на наступным тыдні наведае караля Іспаніі Хуана Карласа і каралеву Сафію, а таксама прэм'ер-міністра Хасэ Луіса Радрыгеса Сапатэру і лідэра апазіцыі Марыяна Рахоя.







All the contents on this site are copyrighted ©.