2011-08-12 15:00:55

Хрысціян пераследуюць у 130 краінах свету


RealAudioMP3 Хрысціяне падвяргаюцца дыскрымінацыі ў большай ступені і ў большай колькасці краін свету, чым любая іншая рэлігійная супольнасць. Згодна з новымі дадзенымі амерыканскага навукова-даследчага інстытута “Pew Forum on Religion and Public Life”, пераслед хрысціян адбываецца ў 130 краінах свету, піша “KATHweb”.

Дыскрымінацыя мусульман, паводле дадзеных амерыканскага даследчага цэнтра, зарэгістравана ў 117 дзяржавах, яўрэяў – у 75, будыстаў – у 16 ​​краінах. Прыгнёт рэлігійных супольнасцяў з боку дзяржавы і грамадства павялічыўся ў 23 краінах, гэта, перш за ўсё, Сярэдні Усход і Паўночная Афрыка, а таксама Францыя і Сербія, і паменшыўся ў 12. Нічога не змянілася ў адносінах да рэлігійнай дыскрымінацыі ў 182 дзяржавах. Аднымі з самых талерантных краін працягваюць заставацца Германія, Аўстрыя і Швейцарыя.

Спецыялісты сцвярджаюць, што дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце ў апошнія гады павялічылася ва ўсім свеце. Прыкладна 70% амаль 7-мільярднага насельніцтва планеты жывуць у краінах, у якіх рэгулярна адбываецца пераслед па рэлігійных матывах. Прыкладна кожны трэці жыхар Зямлі (каля 2,2 млрд.) жыве ў дзяржавах, дзе з 2006 г. значна ўзраслі рэлігійныя рэпрэсіі.

На думку кіраўніка даследаванняў Браяна Грыма, у апошнія гады стала відавочнай палярызацыя: рэлігійна нецярпімыя краіны сталі яшчэ больш варожымі, у той час як больш талерантныя пашырылі свабоду веравызнання.

Даследаванне праходзіла ў 198 краінах, дзе пражывае 99,5% насельніцтва планеты. Дадзеныя з самай ізаляванай краіны свету – Паўночнай Карэі, якая лічыцца найбольш небяспечнай з пункту гледжання пераследу хрысціян дзяржавай, не былі прыняты да ўвагі з-за іх ненадзейнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.