2011-08-11 12:33:22

Гродна: другое дыханне для старажытнай катэдры


RealAudioMP3 5 гадоў чакання. У катэдральным або, як прынята казаць сярод вернікаў, фарным касцёле Гродна пасля працяглай рэстаўрацыі быў адкрыты драўляны алтар XVIII стагодзя, які, як і сам храм, з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Значная частка алтара згарэла ў 2006 г. падчас пажара. Тады былі страчаны калоны, балюстрада і чатыры фігуры – апосталаў Якуба і Тамаша, св. Амброзія і мецэната Лазоўскага.

Адкрыццё алтара адбывалася ўрачыста, з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама ўсіх, хто дапамагаў у гэтай справе – сродкі збіралі як кажуць “усім светам” – ахвяравалі і заможныя спонсары, і простыя парафіяне. Зараз паглядзець на гэты 20-мятровы “цуд” пастаянна ідуць людзі – жыхары горада і турысты. Як паведаміў пробашч касцёла ксёндз Ян Кучынскі, рэстаўрацыя прынесла шмат сюрпрызаў і адкрыла некаторыя раней невядомыя факты. Майстры працавалі па старых фотаздымках і аднавілі страчаныя фігуры з суцэльнай ліпы, як гэта і было раней. Падчас працы высветлілася, што ў ацалелай фігуры апостала Андрэя не хапае левай кісці, прыйшлося выпраўляць гэты недахоп. І галоўнае, сучасныя рэстаўратары як бы рэалізавалі няспоўненыя планы сваіх папярэднікаў. Паводле праекта 300-гадовай даўніны алтар павіннен быў атрымаць пазалоту, але гэтага так і не адбылося. Цяпер праз стагоддзі гэта было здзейснена і ён паўстаў ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Засталіся апошнія штрыхі рэстаўрацыі – пазалаціць некаторыя дэталі ў ніжнім ярусе алтара. Гэта плануюць зрабіць да Божага Нараджэння. Але ўжо сёння можна казаць, старажытная катэдра атрымала другое дыханне.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.