2011-08-10 12:41:35

Бэнэдыкт XVI: кляштары з’яўляюцца апорнай канструкцыяй свету


RealAudioMP3 У двары папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа сабралася сёння каля 2,5 тыс. вернікаў. Тут адбылася традыцыйная агульная аўдыенцыя з удзелам Пантыфіка. Сярод груп з краін Лацінскай Амерыкі пераважала моладзь, якая кіруецца на XXVI Сусветныя дні моладзі ў Мадрыд. Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць адкрыцця цішыні ў паглыбленні жыцця веры і малітвы, а таксама на значэнне ў адкрыцці Бога аазісаў духа ў сучасным свеце, якімі з’яўляюцца манаскія супольнасці. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў ролю святых, якія ўзгадваюцца ў бліжэйшы час у літургіі Касцёла: св. Клару Асізскую, св. Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа (Эдыту Штайн) і св. Лаўрэнція.

На пачатку сваёй катэхезы Папа звярнуў увагу на тое, што “у любым узросце, жанчыны і мужчыны, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу ў малітве – як законнікі і законніцы – заснавалі свае супольнасці ў месцах, асабліва прыгожых: у сельскай мясцовасці, на пагорках, у далінах, горах, на берагах азёр або мораў, нават на невялікіх астравах. Гэтыя месцы спалучаюць два вельмі важных элементы кантэмпляцыйнага жыцця: прыгажосць стварэння, якая адносіцца да Створцы, і цішыню, як вынік адлегласці ад буйных гарадоў і дарог”. На думку Святога Айца, цішыня заўсёды абумоўлена асяроддзем, яна найбольш спрыяе засяроджанасці, слуханню Бога, медытацыі. Сам факт маўчання, які дае магчымасць “напоўніць” цішыню, схіляе нас да малітвы. Вялікі прарок Ілля на гары Горэб – гэта значыць Сінай – стаў сведкам моцнага шторму, затым землятрусу, потым успышкі агню, але не пачуў у іх голас Божы; пачуў яго, аднак, у пяшчотным павеве ветру (пар. 1 Вал 19,11-13). “Бог гаворыць у цішыні, але трэба ведаць, як Яго слухаць. Менавіта таму кляштары з’яўляюцца аазісамі, у якіх Бог гаворыць з чалавецтвам; у іх ёсць унутраны дворык – сімвалічнае месца, таму што гэта прастора замкнёная, але ў той жа час, адкрытая да неба”, - звярнуў увагу Папа.

“Дарагія сябры, - звярнуўся да сабраных Святы Айцец - заўтра мы будзем успамінаць св. Клару Асізскую. Таму я хацеў бы нагадаць вам аб адным з гэтых “аазісаў” духа, які асабліва дарагі францішканскай сям'і і ўсім хрысціянам: невялікім кляштары св. Даміяна (Сан Даміяна), размешчаным крыху ніжэй Асізі, пасярод аліўкавых гаяў, якія зыходзяць аж да Санта Марыя делі Анджэлі. Пры гэтым касцёльчыку, які аднавіў св. Францішак пасля свайго навяртання, Клара і яе спадарожніцы стварылі сваю першую супольнасць, жывучы малітвай і невялікімі працамі. Яны назвалі сябе “беднымі сёстрамі”, а іх “форма жыцця” была такой жа, як і Братоў Меншых, “захоўваць святое Евангелле Пана нашага Езуса Хрыста” (Рэгула св. Клары I, 2), клопат аб узаемным захаванні любові (там жа, X , 7), захаванне асаблівай беднасці і пакоры Езуса і Яго Найсвяцейшай Маці (там жа, XII, 13)”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “цішыня і прыгажосць месца, дзе жыве манаская супольнасць, простая і строгая прыгажосць, ствараюць як бы адлюстраванне духоўнай гармоніі, якую супольнасць імкнецца рэалізаваць. Свет усеяны гэтымі аазісамі духа, некаторымі вельмі старажытнымі, асабліва ў Еўропе, іншымі, створанымі нядаўна, яшчэ іншымі – пабудаванымі новымі супольнасцямі”. Папа падкрэсліў, што “калі паглядзець на рэчы з духоўнай перспектывы, гэтыя месцы з’яўляюцца апорнай канструкцыяй свету! Гэта не выпадкова, што многія людзі, асабліва ў перыяд адпачынку, наведваюць гэтыя месцы і спыняюцца там на працягу некалькіх дзён: дзякуй Богу, душа таксама мае свае патрэбы!”, - заключыў Пантыфік.

“Такім чынам, мы ўзгадваем св. Клару. Але будзем памятаць таксама аб іншых святых, якія нагадваюць нам пра тое, як важна, кіраваць вочы на ​​“справы нябесныя”, як св. Эдыта Штайн, Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа, кармелітанка, апякунка Еўропы, чыё свята мы адзначалі ўчора. А сёння, 10 жніўня, мы не можам забыцца пра св. Лаўрэнція, дыякана і мучаніка, накіроўваючы спецыяльнае прывітанне рымлянам, якія заўсёды шануюць яго як аднаго са сваіх заступнікаў. Нарэшце давайце прасіць Панну Марыю, каб навучыцла нас любові да маўчання і малітвы”, - сказаў на завяршэнне катэхезы Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.