2011-08-10 12:58:55

Беларусь: Касцёл адчыніў першы ў краіне прыватны Дом міласэрнасці


RealAudioMP3 Добрая справа. У мястэчку Лагішын у Пінскай дыяцэзіі пачаў працу першы касцёльны Дом міласэрнасці, які прымае сталых і нямоглых людзей. Яшчэ 10 гадоў таму ў мясцовай каталіцкай парафіі святых Пятра і Паўла з’явілася ідэя стварыць такую ўстанову. Ініцыятыву падтрымаў кардынал Казімір Свёнтэк, а благаславіў сам папа Ян Павел ІІ.

Увесь гэты час ішло будаўніцтва, і вось у Доме міласэрнасці, які разлічаны на 40 месцаў, пасяліліся першыя пастаяльцы. Зараз там жывуць 19 чалавек – з Мінска, Оршы, але большасць – з Брэсцкай вобласці. Усе яны асобы сталага ўзросту і не могуць самастойна сябе абслугоўваць. Цяпер за імі пастаянна даглядае кваліфікаваны медыцынскі персанал, тут ёсць медкабінет і пакоі для асоб, якія не могуць хадзіць. А калі хтосьці адчувае сябе зусім дрэнна – побач бальніца. Але мэта гэтай установы не столькі лячэнне цела, колькі – душы: даць магчымасць адчуць сябе патрэбным і не адзінокім. У Доме міласэрнасці ёсць свая капліца. Кожную суботу мясцовы ксёндз адпраўляе св. Імшу. Дарэчы, прымаюць тут людзей рознага веравызнання. Галоўны крытэрый – просьба аб дапамоге.

Лагішынскі Дом міласэрнасці – першая ў краіне прыватная сацыяльная ўстанова – аказаўся вельмі запатрабаваным. Бо ў Беларусі на жаль шмат адзінокіх і старых, многія жывуць у аддалёных вёсках. Зараз яшчэ 6 чалавек рыхтуюць дакументы на пражыванне тут. У будучым Дом адчыніць дзверы таксама для маладых маці, якія не маюць сродкаў на ўтрыманне або сталі ахвярамі насілля ў сям’і. Тут будуць працаваць валанцёры з пасярод школьнікаў – каб ахапіць справамі міласэрнасці больш людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.