2011-08-09 14:37:20

Філіпіны: Касцёл занепакоены “сакрэтнымі” перамовамі ўрада з ісламістамі


RealAudioMP3 Змяшаныя пачуцці выклікала ў філіпінскіх хрысціян нядаўняя сустрэча прэзідэнта Філіпін з кіраўніком “Ісламскага фронту вызвалення Мора”, які дзейнічае на востраве Мінданао. Перамовы Беніньі Акіна з Ібрагімам Мурадам адбыліся ў ноч з 4 на 5 жніўня ў Токіо. Іх мэтай – як было абвешчана ў афіцыйным паведамленні – было паскарэнне мірных перамоваў з найбуйнейшай паўстанцкай групоўкай на Філіпінах, баевікі якой падчас сваёй больш за трыццацігадовай дзейнасці забілі каля 150 тыс. чалавек і змусілі бегчы сотні тысяч іншых.

Найбольш сумненняў выклікала “сакрэтная” форма правядзення сустрэчы двух лідэраў. На гэта звярнуў увагу біскуп Бродэрык Пабілло, кіраўнік Сакратарыяту па сацыяльных пытаннях філіпінскага епіскапату. На яго думку, прэзідэнт павінен раскрыць змест сустрэчы. “Сумленныя перамовы павінны таксама ўключаць прадстаўнікоў карэнных і племянных мусульманскіх і хрысціянскіх абшчын, бо датычаць у асноўным іх”, - сказаў біскуп Пабілло.

У сваю чаргу ісламскі сустаршыня Мусульманска-Хрысціянскага Альянсу за справядлівасць і мір на Філіпінах, Абдулрахман Палкарэй, назваў сустрэчу ў Токіо “вялікім крокам на шляху да міру”. Але яго калега хрысціянін быў больш скептычны. “Мы павінны быць пільнымі і заахвочваць абодва бакі да празрыстасці ў адносінах да грамадскай думкі, калі гаворка ідзе пра дэталі, тэрміны і ўмовы пагадненняў”, - сказаў Джэры Дэ Гусман.







All the contents on this site are copyrighted ©.