2011-08-09 14:57:50

У хрысціян і мусульман рэлігія па-рознаму вызначае ідэнтычнасць асобы


RealAudioMP3 Між ісламскім светам і Захадам захоўваецца негатыўнае стэрэатыпнае ўспрыманне. Пра гэта сведчаць вынікі свежага даследавання “Pew Research Center”. Многія жыхары краін Захаду бачаць у мусульманах фанатычных і жорсткіх людзей. Між тым, мусульмане Блізкага Усходу і Азіі лічаць заходняе грамадства эгаістычным, амаральным, прагным, жорсткім і фанатычным. Тым не менш, даследаванне канстатуе ў ЗША і Еўропе своеасаблівую “адлігу”. Большасць прадстаўнікоў заходняга грамадства ў параўнанні з 2006 г. бачаць адносіны з мусульманамі, у цэлым, пазітыўнымі. Аднак, у мусульманскіх краінах сітуацыя не змянілася – там па сённяшні дзень крытычна ацэньваюць заходні свет. Як і раней, мусульмане выказваюць больш неспрыяльнае меркаванне аб хрысціянах, чым амерыканцы або еўрапейцы аб мусульманах.

Мусульманская грамадскасць перакананая, што асноўная віна за адсутнасць росквіту іх краін ляжыць на заходніх палітыках. Заходняе ж грамадскае меркаванне, як прычыну адсталасці многіх мусульманскіх краін Блізкага Усходу і Азіі, на першае месца паставіла карупцыю, затым праблемы з дэмакратыяй і адукацыяй. Але 14% прызналі таксама, што частковая адказнасць за цяжкасці ў мусульманскіх краінах ляжыць на палітыцы, якая праводзіцца краінамі Захаду. Абодва бакі аднагалосна выказалі турботу з нагоды пашырэння ісламскага экстрэмізму.

Пазіцыя мусульман у адносінах да хрысціян кардынальна адрозніваецца ў залежнасці ад краіны. У Ліване, які мае значнае хрысціянскае насельніцтва, амаль усе мусульмане станоўча ўспрымаюць хрысціян. Таксама высокі рэйтынг у хрысціян сярод мусульман у Іарданіі (57%), Інданезіі (52%) і Егіпта (48%). У той жа час, у Пакістане (16%) і Турцыі (6%) - самы нізкі ўзровень лаяльнасці да вызнаўцаў Хрыста.

У выніку даследавання атрымалася ўсталяваць, што ў хрысціян і мусульман рэлігія ў рознай ступені вызначае ідэнтычнасць асобы. Большасць апытаных мусульман у першую чаргу атаясамліваюць сябе з рэлігіяй. Гэта асабліва ярка выяўляецца ў Пакістане, дзе 94% апытаных лічаць сябе, перш за ўсё, мусульманамі і ўжо потым пакістанцамі.

Большасць заходніх хрысціян аддаюць перавагу нацыянальнай ідэнтычнасці. У Францыі 90% хрысціян выказаліся за гэты пункт гледжання. Выключэннем з'яўляецца ЗША, дзе хрысціяне падзяліліся: 46% у першую чаргу адчуваюць сябе амерыканцамі, а 46% – хрысціянамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.