2011-08-09 12:42:44

Кардынал Канізарэс: не эканамічны крызіс, а крызіс чалавецтва


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, кардынал Антоніа Канізарэс Ровэра, папярэдзіў пра небяспеку адыходу ад Бога. “Асноўная праблема, якая стаіць перад Еўропай, не эканамічная, а нашмат больш сур'ёзная, адмова ад Бога, якая вядзе да самазнішчэння”.

Падчас летніх курсаў ва Універсітэце св. Вінцэнта ў іспанскай Валенсіі, прысвечаных сучаснасці і будучыні Еўропы, кардынал Канізарэс выступіў з прамовай пад назвай “Хрысціяне ў дэмакратыі”. Ён заклікаў вернікаў імкнуцца да пераадолення “маральнага зрыву, які мы перажываем” і адновы “грамадства, заснаванага на нязменных этычных асновах”. Ён падкрэсліў адказнасць хрысціян прымаць удзел у “новай евангелізацыі”, якая на яго думку, з'яўляецца “самай лепшай службай, якую мы можам прапанаваць нашаму грамадству каб змяніць і пераадолець гэты крызіс”.

У аснове сучаснай сітуацыі, сказаў кардынал, ляжыць “не проста структурны або эканамічны крызіс, а, хутчэй, крызіс чалавецтва, распад чалавецтва, маральны зрыў, які праходзіць па межах нашай асобы і мае на мэце задавальненне любой цаной, задавальненне дзеля задавальнення, нават калі гэта азначае знішчэнне кагосці. “Гэта сітуацыя павінна быць пераадолена”, - сказаў ён.

Кардынал Канізарэс падкрэсліў неабходнасць абароны “ідэнтычнасці Еўропы”, асновамі якой заўсёды “былі грэцкая філасофія, рымскае права і хрысціянская вера”. “Еўрапейская ідэнтычнасць” неаддзельна ад годнасці чалавечай асобы як асновы ўсяго парадку”, - сказаў ён. “Без павагі да чалавечай асобы, ні адно грамадства не мае будучыні”, - дадаў кардынал.

Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў сказаў, што, тым не менш, ён мае “надзею” на будучыню, і заклікаў да “новага навяртання да Езуса Хрыста пачынаючы з членаў Касцёла, якое адкрые вялікую будучыню для Еўропы”.

Кардынал таксама звярнуўся да тэмы маючага адбыцца візіту папы Бэнэдыкта XVI у Іспанію на Сусветныя дні моладзі. Святы Айцец на думку іерарха, прыяжджае, каб сказаць маладым людзям, што трэба падняцца і ісці, каб пачаць пераадольваць глыбокі крызіс, які цягне іх у бездань. Асабліва гэта датычыць маладых людзей у Іспаніі, дзе ўзровень беспрацоўя сярод моладзі вельмі высокі.

“Папа прыяжджае, каб сказаць ім, што яны могуць змяніць становішча рэчаў і што яны могуць мець лепшую будучыню, калі адкрываюць сябе на тое, што прапануе Езус Хрыстус, на праўду, любоў, павагу да іншых, агульнае дабро, смеласць і свабоду”, - сказаў кардынал Канізарэс.







All the contents on this site are copyrighted ©.