2011-08-08 14:55:12

Сусветныя кінапрэм'еры на днях моладзі ў Мадрыдзе


RealAudioMP3 У рамках Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе адбудуцца дзве сусветных кінапрэм'еры: “Крысціяда” Дзіна Райта з Эндзі Гарсія і Евай Лангорыя ў галоўных ролях і “Садоўнік Бога” італьянскага рэжысёра Ліяны Марабані, паведамляе “Aciprensa”.

Рэжысёр “Крысціяды” Дзін Райт вядомы як спецыяліст па візуальных эфектах, які ўдзельнічаў у здымках “Валадара кольцаў” і “Хронік Нарніі”. “Крысціяда” – яго рэжысёрскі дэбют. У аснове сюжэту фільма пакладзены падзеі грамадзянскай вайны ў Мексіцы ў 1926-1929 гг. Прычынай ваеннага канфлікту паміж паўстанцамі крыстэрос і ўрадавымі войскамі сталі некаторыя палажэнні мексіканскай канстытуцыі 1917 г. Яны абмяжоўвалі правы Каталіцкага Касцёла: напрыклад, святарам забаранялася насіць сутанну па-за касцёлам, крытыкаваць урад (пакаранне за гэта дасягала 5 гадоў турмы). Былі зачынены кляштары і касцёльныя школы, арыштаваны арцыбіскуп Мехіка, які выступаў за адмену новых палажэнняў канстытуцыі.

Крыстэрос – “воіны Хрыста”, узброеныя атрады мексіканцаў, са зброяй у руках выступілі ў абарону ранейшага становішча Касцёла ў краіне. Стаўленне да іх змянілася пасля таго, як у выніку іх нападу на цягнік, які перавозіў грошы, загінуў 51 мірны жыхар.

Сюжэт фільма распавядае аб лёсах вядомых дзеячаў паўстання. Эндзі Гарсія іграе генерала Энрыке Горосцьета Велардэ, які стаяў на чале крыстэрос. Эдуарда Верастэгі іграе мучаніка Анаклето Гансалеса Флорэса, каталіцкага адваката, забітага ў 1927 г. і абвешчанага благаслаўлёным папам Бэнэдыктам XVI у 2005 г.

Акрамя чаканых сусветных прэм'ер, у 16 ​​кіназалах сталіцы Іспаніі будуць паказаны вядомыя фільмы, у аснове сюжэту якіх ляжаць падзеі, звязаныя з тэмай Хрыста, жыццём Касцёла або вернікаў. У рамках форуму арганізаваны сустрэчы з вядомымі акцёрамі і рэжысёрамі, якія вызнаюць хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.