2011-08-08 15:17:03

Малайзія: біскуп крытыкуе палітыкаў


RealAudioMP3 Малайзійскі біскуп Паўль Тан Чэ Інг выступіў з вострай крытыкай у адрас палітычных дзеячаў краіны, якія распальваюць антыхрысціянскія настроі ў гэтай у значнай ступені мусульманскай краіне. Выказванні біскупа дыяцэзіі Мелака-Джахор сталі рэакцыяй на дзеянні рэлігійнай паліцыі Малайзіі, якая здзейсніла напад на каталіцкую парафію, дзе на парафіяльным абедзе, які адбыўся пасля набажэнства, прысутнічалі мусульмане.

Паліцыя сцвярджае, што хрысціяне займаліся празелітызмам сярод мусульман. У абарону дзеянняў паліцыі выступіў дзяржаўны выканаўчы кансультант па рэлігійных справах.

Біскуп Паўль Тан Чэ Інг заявіў, што асобныя палітыкі эксплуатуюць фундаменталісцкія настроі, уласцівыя частцы грамадства, з мэтай набыць сваімі папулісцкімі заклікамі новыя галасы. Іерарх рашуча дыстанцыраваўся ад празелітызму, але ясна даў зразумець, што католікі заўсёды гатовыя адказаць на пытанні, калі мусульмане спытаюць іх аб Евангеллі.

“Калі празелетызм будзе даказаны, я сам вазьмуся за выпраўленне паводзін хрысціян і пакладу гэтаму канец, - сказаў біскуп. - У адваротным выпадку я патрабую адмовы ад абвінавачванняў і прабачэння”. “Калі хтосці будзе жадаць, каб мы падзяліліся нашай верай з ім ці з ёй, то мы не будзем адмаўляць яму ў гэтым: рэлігія можа быць прапанавана, але не навязана, - дадаў іерарх. - Навяртанне залежыць ад волі зацікаўленага чалавека”.

Паводле статыстыкі, з 27,7 млн. жыхароў Малайзіі 60% з'яўляюцца мусульманамі, 19% - будыстамі, каля 9% - хрысціянамі (з іх 6% - пратэстанты і 3% - католікі), яшчэ 6% жыхароў з'яўляюцца індуістамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.