2011-08-07 13:49:32

Бэнэдыкт XVI: “Мы павінны спазнаць нашу сувязь з Богам паміж полюсамі адлегласці і блізкасці”


RealAudioMP3 7 жніўня, падчас разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, Святы Айцец нагадаў вернікам аб радасці прабывання з Хрыстом, які заўсёды ідзе нам на сустрач, падае руку, і вызваляе нас такім чынам з буры грахоў. Малітва праходзіла ў летняй рэзідэнцыі Папы ў Кастэль Гандольфа. На заканчэнне Пантыфік чарговы раз заклікаў да міру і спынення насілля ў Сірыі і Лівіі.

“Дарагія браты і сёстры, звярнуўся да вернікаў Папа.

У Евангеллі сённяшняй нядзелі мы знаходзім Езуса, які – пасля адпачынку на гары – моліцца ўсю ноч. Ён трымаецца здалёк і ад людзей, і ад вучняў, такім чынам дэманструючы блізкасць да Айца, неабходнасць малітвы ў адзіноце, аддаленне ад мітусні свету. Гэтую адлегласць, аднак, не варта разглядаць як адсутнасць цікавасці да людзей або адмову ад апосталаў. Больш за тое – як піша св. Мацвей – Пан кажа вучням сесці ў лодку і пераплысці “на другі бок перад Ім” (Мц 14, 22), каб зноў сустрэцца з імі. “Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны” (в. 24) і тут “у чацвёртую варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры” (в. 25), а вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і ад страху закрычалі” (в. 26), не пазналі Яго, не ведалі, што гэта Пан. Але Езус кажа ім: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся” . 27).

Гэта эпізод, якому Айцы Касцёла надалі вялікае багацце сэнсаў. Мора сімвалізуе цяперашняе жыццё і нестабільнасць бачнага свету, паказвае буру любых узрушэнняў, цяжкасці, якія прыгнятаюць нас. Лодка ж прадстаўляе Касцёл пабудаваны на Хрысте, якім кіруюць апосталы. Езус хоча навучыць вучняў зносіць жыццёвыя нягоды, давяраць Богу, Таму, хто з’явіўся прароку Іллі на гары Горэб у “шуме ціхага ветру” (1 Вал 19, 12). Гэты фрагмент, знаходзіць свой працяг у жэсце апостала Пятра, які, ахоплены палымянай любоўю да Настаўніка, просіць Яго выйсці Яму насустрач, каб мець магчымасць сустрэцца з Ім, ідучы па вадзе. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне!” ( Мц 14, 30). Св. Аўгустын, звяртаючыся ў сваім уяўленні да апостала, кажа пра гэта так: Пан “апускаецца і падае табе руку. Сваёй сілай ты не можаш устаць. Вазмі за руку таго, хто працягвае яе да цябе” (Каментар да Пс 95,7: PL 36, 1233), ён гаворыць гэта не толькі Пятру, але таксама і нам. Пётр ідзе па хвалях не ўласнай моцай, але дзякуючы ласцы Бога, у якую ён верыць, і калі бяруць яго сумненні, калі ўжо не глядзіць на Езуса, а баіцца ветру, калі цалкам не давяраеце слову Настаўніка, аддаляецца ўнутрана ад Яго, рызыкуе сысці ў моры жыцця, з’яўляецца напамінам для нас, калі бачым толькі нас саміх, мы становімся залежнымі ад вятроў і бур, мы не можам пайсці далей да вады жыцця. Вялікі мысляр Рамана Гуардзіні піша, што Пан “заўсёды побач, будучы ў аснове нашага быцця. І ўсё ж мы павінны спазнаць нашу сувязь з Богам паміж полюсамі адлегласці і блізкасці. З блізкасці мы ўмацаваныя, а здалёку падвяргаемся выпрабаванням” (Прыняць саміх сябе; Брэшыа, 1992, 71).

Дарагія сябры, досвед прарока Іллі, які пачуў прайшоўшага Пана і іспыт веры апостала Пятра дазваляе нам зразумець, што Пан – яшчэ перад тым, як мы яго шукаем або клічам – ідзе нам насустрач, спускаецца з нябёсаў, каб даць нам руку і падняць, Ён толькі чакае, што мы даверымся Яму цалкам і працягнем Яму сваю руку. Будзем прасіць Панну Марыю – прыклад поўнага даверу да Бога – каб сярод шматлікіх клопатаў, праблем і цяжкасцяў, якія непакояць мора нашага жыцця, рэхам у сэрцах гучалі словы Езуса, якія даюць нам упэўненасць: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся”, і каб павялічвалася наша вера ў Яго".

Пасля марыйнай малітвы і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў пілігрымаў на розных мовах. Перад гэтым Папа выказаў сваю занепакоенасць “эскалацыяй драматычнага насілля ў Сірыі і Лівіі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.