2011-08-06 15:20:01

“Беларускі Мадрыд” працягваецца


RealAudioMP3 Спякота, палатачны гарадок і невялікія групы моладзі. Адны неспяша размясціліся на траве, другія – у цяні дрэва, трэція – на лаўках. Вось такую атмасферу можна ўбачыць і адчуць у мястэчку Івянец, недалёка ад Валожына – дакладна з 5 па 7 жніўня. У гэтыя дні тут праходзіць ІІ Агульнабеларуская малітоўная сустрэча моладзі. Недзе – смех, недзе – ціхая размова, усе чакаюць наступнага пункту праграмы. Якая, дарэчы, у гэтым годзе асабліва разнастайная. Напярэданні адбылося ўрачыстае адкрыццё форуму, а сёння другі, мабыць самы насычаны дзень. Прэзентацыю дыяцэзій сустракаюць шквалам апладысментаў.

Агульнабеларускай сустрэчы чакалі роўна 3 гады. Першая прайшла ў Івянцы ў 2008 г., адначасова з XXIII Сусветнымі днямі моладзі ў аўстралійскім Сіднэі. Пасля штогод тут збіралася моладзь, але ў больш “вузкім” фармаце. І вось зараз зноў Івянец ператварыўся ў месца ўсеагульнай малітвы, паяднання і разважанняў. Удзельнікамі сёлетняга свята сталі больш за 500 чалавек – пілігрымы з усёй Беларусі.

Канцэр семінарыйных гуртоў, некалькі канферэнцый, дыялог з біскупамі, круглыя сталы на актуальныя тэмы – усё гэта змястоўны акцэнт сустрэчы. Як адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, галоўнае – гэта пачуццё веры, сёння чалавек перажывае крызіс веры і трэба шукаць сродкі, каб яе вярнуць.

ІІ Агульнабеларуская сустрэча адзначана шматлікімі навінкамі. Напрыклад, прамой інтэрнэт-трансляцыяй мерапрыемстваў на сайце catholic.by. У мікрааўтобусе ўвесь час працуе рэжысёрская група, а нечы аўтамабіль стаў каментатарскай рубкай. Ёсць у Івянца і свае асабістыя традыцыі, якім ужо шмат гадоў. За сцэнай праходзяць рэпетыцыі “Музычнай майстэрні” – яна і задае тон гэтаму форуму. Яе арганізатар – вядомы польскі музыкант і журналіст Ян Паспяшальскі. “Гэта супольнае перажыванне служэння ў Касцёле праз спеў, музыку, танец. Мы паказваем, што быць хрысціянінам – гэта справа людзей не толькі сталага ўзросту. Быць хрысціянінам – гэта найбольшая прыгода жыцця, якую варта перажыць, захапляльная, хоць і страшэнна складаная”, - адзначыў польскі журналіст.

Канцэрт “Музычнай майстэрні” завершыць дзень сённяшні, а заўтра – св. Імша, працэсія і благаслаўленне беларускіх пілігрымаў, якія ўжо ў панядзелак ад’язджаюць у іспанскі Мадрыд на Сусветныя дні моладзі. Перажываць гэтае свята разам з папам Бэнэдыктам XVI, як чакаецца, будзе больш за 1 млн. маладых людзей з усіх кантынентаў, беларуская дэлегацыя налічвае 700 чалавек.

Ну а пакуль, "Мадрыд беларускі" працягваецца.

Ларыса Абрамчук, Івянец.







All the contents on this site are copyrighted ©.