2011-08-06 15:42:25

Кітай: арыштаваны чатыры святары


RealAudioMP3 У правінцыі Шаньдун на ўсходзе Кітая былі арыштаваны чатыры каталіцкіх святары, якія належаць да падпольнага Касцёла. Улады хацелі, каб арыштаваныя далучыліся да лаяльнай рэжыму Кітайскай каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі, паведамляе сёння “AsiaNews”. У цяперашні час святары знаходзяцца ў адзіночнай камеры ў турме Донгмінг і не атрымліваюць ежы. Іх абаронцы, паводле інфармацыі “AsiaNews”, звярнуліся з заклікам аб дапамозе да Апостальскай Сталіцы.

Паколькі святары адмовіліся ўступіць у непрызнаную Апостальскай Сталіцай “патрыятычную асацыяцыю”, паліцыя пачала дашуквацца доказаў здзяйснення крымінальных злачынстваў, такім чынам робячы ціск на духоўных асоб і шантажуючы іх.

Пасля некалькіх гадоў паляпшэння адносін, кітайскія ўлады ў апошнія некалькі месяцаў зноў пачалі ўжываць жорсткія меры ў адносінах да вернікаў, якія застаюцца ў лучнасці са Святым Пасадам. Так, напрыклад, у чэрвені і ліпені, былі здзейснены два біскупскіх пасвячэнні без мандату Святога Айца.

Прыкладна 13 млн. з 1,3 млрд. кітайцаў з'яўляюцца католікамі. Яны падзеленыя з 1957 г. на дзве фракцыі: Кітайскую каталіцкую патрыятычную асацыяцыю, зацверджаную ўрадам, і, так званы, падземны Касцёл, які знаходзіцца ў лучнасці з Папам. Яго члены рэгулярна падвяргаюцца пераследам з боку дзяржавы.







All the contents on this site are copyrighted ©.