2011-08-05 12:24:06

Італьянскія мусульмане пратэстуюць супраць забароны паранджы


RealAudioMP3 Мусульмане ў Італіі маюць намер выйсці на акцыі пратэсту ў адказ на ініцыятыву дэпутатаў прыняць законапраект, які забараняе нашэнне жаночага ісламскага адзення, якое закрывае твар. Згодна з законапраектам, парушальніцы можа пагражаць штраф ад 15 да 300 еўра або грамадскія працы. Тых, хто прымушае жанчын насіць паранджу, можа чакаць турэмнае зняволенне да года.

Кіраўнік Савета ісламскіх супольнасцяў Італіі Раберта Хамза Піккард асудзіў законапраект, які, на яго думку, парушае правы чалавека. “Зараз жанчыны, якія носяць паранджу, будуць вымушаны сядзець дома”, - сказаў ён.

Савет ісламскіх супольнасцяў збіраецца правесці акцыі пратэсту пасля заканчэння летніх канікул, калі дэпутаты пачнуць разгляд законапраекта. Між тым, ужо цяпер на поўдні Італіі праходзяць пратэсты выхадцаў з Паўночнай Афрыкі, якія нелегальна прыбылі ў краіну і знаходзяцца ў лагерах бежанцаў у Калабрыі. Там ужо з'явіўся лозунг: “Дайце нам насіць хіджаб!”.

Ініцыятарам законапраекта стала вядомая дэпутат-феміністка Суад Сбаі, якая ў свой час праславілася барацьбой супраць шматжонства ў Італіі. Аналагічныя забароны прыняты ўжо ў двух іншых еўрапейскіх краінах – Бельгіі і Францыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.