2011-08-05 11:27:14

Беларусь: Невялікае мястэчка стала “беларускім Мадрыдам”


RealAudioMP3 5 жніўня ў Івянцы пачынаецца ІІ Агульнабеларуская сустрэча моладзі. Мерапрыемства праходзіць пад назвай “Укаранёныя і збудуваныя на Хрысце, моцныя ў веры”. Яно прымеркавана да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Мадрыдзе 16-21 жніўня, і 20-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі. Першы такога роду форум адбыўся ў тым жа Івянцы ў 2008 г. і быў прымеркаваны да сусветнай сустрэчы моладзі ў аўстралійскім Сіднэі. Тады адбыўся тэлемост які звязаў буйны аўстралійскі горад і невялікае беларускае мястэчка.

Трэба адзначыць, што моладзевыя мерапрыемствы ў Івянцы сёлета пачаліся ўжо 1 жніўня. Тут каля 300 маладых людзей прымаюць удзел у “Музычнай майстэрні” – школе літургічнага спеву. Мэта “Майстэрні” у тым, каб падзяліцца вопытам у сферы літургічнай музыкі і далучыць маладых людзей да творчасці. Моладзь вучыцца спяваць, граць на інструментах, знаёміцца з асновамі тэатральнага мастацтва. Прэзентацыя твораў, якія маладыя людзі вывучаць падчас “школы” адбудзецца менавіта падчас Агульнабеларускай стрэчы моладзі. Акрамя таго, удзельнікі “Майстэрні” будуць суправаджаць сваім спевам набажэнствы, якія будуць праходзіць у рамках гэтага моладзевага форуму.

Сёлетняя сустрэча моладзі мае таксама інтэрактыўны характар. Падчас яе можна будзе непасрэдна і адкрыта весці дыялог з біскупамі: задаць пытанні іерархам і пачуць іх адказы. Пытанні моладзь магла дасылаць на працягу некалькіх месяцаў на спецыяльны адрас электроннай пошты.

Форум мае таксама інтэлектуальную накіраванасць, падчас яго пройдуць так званыя “круглыя сталы”: у рамках якіх адбудуцца дыскусіі на тэмы, цікавячыя моладзь: валанцёрства і дабрачыннасць, пакліканне, хрысціянская сям’я, Касцёл і СМІ, рэлігія і мастацтва, а таксама, небяспека сект. Маладыя людзі змогуць выбраць адну з прапанаваных тэм і разам са спецыялістамі абмеркаваць яе.

Нарэшце, праграма ІІ Агульнабеларускай сустрэчы моладзі ўключае ў сябе катэхезы, малітвы, удзел у св. Імшы, а таксама канцэрты і прэзентацыі. Напрыканцы форума адбудзецца асвячэнне фігуры Яна Паўла ІІ, пасадка “дрэва Агульнабеларускай сустрэчы моладзі” і благаслаўленне пілігрымаў, якія адправяцца праз некалькі дзён у Мадрыд на Сусветныя дні моладзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.